Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дж.Буш: "Тэгеранскі рэжым мусіць адмовіцца ад сваіх ваенных ядзерных амбіцый"


Радыё Свабода Сёньня на 61-й сэсіі генэральнай асамблеі ААН выступіў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш. Зьвяртаючыся да іранцаў, ён заявіў, што самай вялікай перашкодай да іх лепшай будучыні зьяўляюцца іх кіраўнікі. Буш абвінаваціў іранскія ўлады ў падтрымцы тэрарыстаў і плянах стварыць ядзерную зброю.

Амэрыканскі лідэр падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты не выступаюць супраць мірнай ядзернай праграмы Ірану, аднак катэгарычна адхіляюць ваенныя ядзерныя амбіцыі Тэгерану: “Тэгеранскі рэжым мусіць адмовіцца ад сваіх ваенных ядзерных амбіцый”, – заявіў прэзыдэнт ЗША.

Раней сёньня ў размове з прэзыдэнтам Францыі Жакам Шыракам Джордж Буш падкрэсьліў, што Вашынгтон падтрымлівае ідэю перамоваў з Іранам, аднак калі іранскія ўлады не падпарадкуюцца рашэньням Рады бясьпекі ААН, то Рада павінна перайсьці да санкцыяў.

Зьвяртаючыся да мусульманаў усяго сьвету, Джордж Буш заявіў, што Злучаныя Штаты не вядуць вайну з ісламам. “Мая краіна імкнецца да міру. Экстрэмісты ў вашых краінах распаўсюджваюць прапаганду, абвінавачваючы Захад у вайне з ісламам. Гэтая прапаганда – хлусьня, яе мэта – ашукаць вас і апраўдаць акты тэрору. Мы паважаем іслам”, – заявіў Джордж Буш.

Прэзыдэнт ЗША паведаміў, што даручыў дзяржсакратару Кандалізе Райс зрабіць высілкі, каб дапамагчы ізраільцянам і палестынцам вырашыць іх супярэчнасьці. Паводле Буша, Райс далучыць памяркоўных лідэраў рэгіёну да рэфармаваньня палестынскіх службаў бясьпекі і падтрымае ізраільскіх і палестынскіх лідэраў у іх намаганьнях вырашыць супярэчнасьці паміж двума народамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG