Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: распаўсюдніка газэтаў Б.Хамайду аштрафавалі


Радыё Свабода У пастарунак, а потым і ў суд спадар Хамайда трапіў з ініцыятывы ўчастковага міліцыянта, які ня хоча мець на падведамаснай тэрыторыі “апазыцыйнага пункту”.

Барыс Хамайда распавёў, што сёньня выйшаў на звычайнае месца каля дому №28 па вуліцы Леніна са сьвежым нумарам “Витебского курьера”. Ён меў і іншыя выданьні — часопіс “ARCHE” і газэту “Наша Ніва”.

Сёньня ўчастковы міліцыянт упершыню заявіў спадару Хамайду, што той ня мае права тут знаходзіцца. Дагэтуль міліцыянты высьвятлялі толькі, ці мае распаўсюднік ліцэнзію на распаўсюд тых ці іншых выданьняў.

Абмеркаваньне правоў распаўсюдніка працягвалася ўжо ў Чыгуначным райаддзеле міліцыі, куды Барыса Хамайду даставілі міліцэйскай машынай. Пасьля гутаркі ў кабінэце начальніка спадара Хамайду павезьлі проста ў суд.

Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Валянціна Кавалёва пагадзілася зь міліцыянтамі, што распаўсюднік парушае заканадаўства, і прысудзіла апазыцыянэру штраф за гандаль газэтамі ў неналежным месцы: палову базавай велічыні.

Пасьля суду спадар Хамайда вярнуўся з газэтамі й часопісамі на ранейшае месца ля так званага Сіняга дому, хаця ўчастковы міліцыянт прыгразіў і надалей яго затрымліваць. Супрацоўнік міліцыі патлумачыў, што затрыманьні скончацца толькі тады, калі Барыс Хамайда ня будзе стаяць навідавоку ў жыхароў горада або пачне распаўсюджваць газэты, шпацыруючы па горадзе. Тады, мяркуе міліцыянт, на вуліцы Леніна зьнікне “стацыянарны апазыцыйны пункт”, а міліцыя ўсіх трох раёнаў гораду падзеліць адказнасьць за дзеяньні апазыцыянэра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG