Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя Вугоршчыны патрабуе адстаўкі прэм’ер-міністра


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Прыхільнікі апазыцыі ў Вугоршчыне заклікаюць прэм’ер-міністра Вугоршчыны Фэрэнца Дзюрчаня пайсьці ў адстаўку. У часе масавых непарадкаў, якія адбыліся мінулай ноччу ў цэнтры Будапэшту, былі параненыя болей як 100 чалавек, пераважна паліцыянты.

Прычынай гневу апазыцыйных сілаў стала прызнаньне прэм’ера-сацыяліста, што ягоны ўрад хлусіў народу пра стан эканомікі дзеля перамогі на парлямэнцкіх выбарах у красавіку сёлета. Запіс быў абнародаваны мясцовымі СМІ ў нядзелю 17 верасьня.

Адразу ж некалькі тысячаў чалавек выйшлі на дэманстрацыю да будынку парлямэнту. Апагею хваляваньні дасягнулі мінулай ноччу, калі сотні чалавек штурмавалі будынак дзяржаўнай тэлевізіі. Былі падпаленыя аўтамабілі, якія стаялі побач. Паліцыя вымушаная была выклікаць падмогу з розных куткоў краіны, і толькі пад раніцу, выкарыстаўшы сьлезацечны газ і брандспойты, змагла выгнаць пратэстантаў з будынку.

Дзюрчань заявіў сёньня журналістам, што мінулая ноч была для Вугоршчыны “самай доўгай і самай цёмнай пасьля краху камунізму ў 1989 годзе”. Таксама ён сказаў, што ня пойдзе ў адстаўку, а будзе працягваць рэформы.

Рост падаткаў і аплаты за лекаваньне і вышэйшую адукацыю выклікаў незадаволенасьць вугорцаў значна раней, чым зьявілася стужка, якая справакавала хваляваньні. Яна была запісаная пры канцы траўня ў часе закрытай сустрэчы, празь некалькі тыдняў пасьля таго, як кабінэт сацыялістаў стаў першым урадам у посткамуністычнай Вугоршчыне, які здолеў перамагчы на парлямэнцкіх выбарах другі раз запар. Вось фрагмэнт гэтага запісу.

(Дзюрчань: ) “У нас няма асаблівага выбару. Таму што мы ўсё сапсавалі. Не крыху, а моцна сапсавалі. Ніводная з эўрапейскіх краінаў не рабіла такіх бязглуздых рэчаў. Мы можам гэта растлумачыць. У выніку мы лгалі цягам апошніх паўтара ці двух гадоў. Было відавочна: ўсё, што мы гаворым – хлусьня”.

Пакуль не вядома, хто зрабіў і дзеля чаго выпусьціў у сьвет гэты запіс. Сам Дзюрчань не адмаўляе факту гэтай прамовы. А прэзыдэнт краіны Ласла Шаём абвінаваціў прэм’ера, што той асэнсавана падрывае веру народа ў дэмакратыю, і заклікаў публічна прызнаць сваю памылку. Тым часам сябры парлямэнцкай фракцыі сацыялістаў аднагалосна прагаласавалі ў падтрымку Дзюрчаня і ягонай праграмы.

Сёньня сытуацыя ў Будапэшце адносна спакойная. Акцыі пратэсту нешматлікія.
XS
SM
MD
LG