Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская інтэрнэт-супольнасьць змагаецца супраць русыфікацыі


Радыё Свабода У адной зь віцебскіх супольнасьцяў інтэрнэт-дзёньніка ЖЖ (community.livejournal.com) ад нядаўняга часу забаронена пісаць па-беларуску. У скрайнім выпадку аматарам роднае мовы прапанавалі дубляваць допісы на расейскай мове.

Як распавёў віцебчук Сяржук Серабро, моўныя абмежаваньні на старонцы супольнасьці by_vitebsk увёў новы мадэратар.

(Серабро: ) “Мадэратар у супольнасьці — той, хто назірае за парадкам, можа задаваць нейкія тэмы. Гэтага мадэратара, які забараніў беларускую мову, бальшыня наведнікаў ведае толькі віртуальна. Але я мяркую, што ён, як грамадзянін Беларусі, можа несьці адказнасьць за тое, што парушае Канстытуцыю. Там запісана, што нельга прыціскаць правы людзей на карыстаньне нейкай мовай”.

Паводле Сяржука Серабра, загад пра забарону беларускай мовы шырока абмяркоўваўся ў супольнасьці, правялі нават інтэрнэт-галасаваньне. Яно паказала, што больш за 70% тых, хто ў ім удзельнічаў, дастаткова добра валодае беларускай мовай — насуперак меркаваньню мадэратара, што большасьць жыхароў Віцебску не разумее па-беларуску, паколькі звычайна размаўляе па-расейску.

Згодна з правіламі community.livejournal.com, рашэньне мадэратара лічыцца абавязковым для выкананьня. Таму пратэставаць супраць забароны беларускай мовы карыстальнікі вырашылі адзіна магчымым чынам — некаторыя зь іх дэманстратыўна сышлі з супольнасьці, пакінуўшы слова “Байкот!” у якасьці апошняга запісу.

Гл. таксама: by_vitebsk
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG