Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Як сёньня ставіцеся да бел-чырвона-белага сьцяга й “Пагоні”?


Радыё Свабода 19 верасьня 1991 году сэсія Вярхоўнага Савету БССР прыняла новую назву краіны — Рэспубліка Беларусь. Чырвона-зялёны сьцяг БССР быў зьменены на бел-чырвона-белы. А дзяржаўным гербам стала старажытная “Пагоня”. Як вы ўспрынялі новую дзяржаўную сымболіку? Як ставіцеся да тых падзеяў сёньня? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала Галіна Абакунчык.

(Спадар: ) “Было вельмі ўзьнёслае самаадчуваньне. Мы вельмі шмат чаго чакалі. Некаторыя з тых падзеяў адбыліся, а іншых яшчэ толькі чакаем, каб адбыліся. Бо вельмі хочацца жыць лепш”.

(Спадарыня: ) “Усё, што робіцца, я падтрымліваю. І тады й цяпер”.

(Спадар: ) “Я быў супраць і такога герба, і такога сьцяга. Нават пры фашыстах гэты герб і сьцяг выкарыстоўвалі. Вось гэты цяперашні сьцяг нашмат лепшы”.

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, мне ўсё роўна. Галоўнае, каб жыцьцё стала лепш, а яно палепшала крышачку”.

(Спадар: ) “Каб гэта правільна ацаніць, трэба добра ведаць гісторыю. Я не магу сказаць, што тады я ведаў гісторыю. Зразумела, што за пятнаццаць гадоў я яе вывучыў крыху лепш. Я ня думаю, што бел-чырвона-белы сьцяг ёсьць гістарычным сымбалем”.

(Спадарыня: ) “Тое пакаленьне, якое вырасла пры той сымболіцы, — нам не патрэбна іншай. А цяпер практычна тая ж сымболіка і адноўленая. І ня трэба нам ні “Пагоні”, ні чаго іншае. Бо мне так і не зразумела, што гэтая “Пагоня” хацела і гэтак далей”.

(Спадар: ) “Я нарадзіўся ў СССР і пры сваім жыцьці ня ведаў бел-чырвона-белага сьцяга. Таму зьмена аднаго сьцяга на іншы была ўспрынятая цяжка. Я не аддаю перавагу таму сьцягу. Больш падабаецца гэты”.

(Спадар: ) “Бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляецца нашай спадчынай з даўняга часу. І калі гаварыць пра тое, ці лепш, каб ён вярнуўся, то, канечне, так. Бо цяперашні чырвона-зялёны — усё ж такі гэта ня наша. Магчыма, у пэўнай ступені гэта частка імпэрыі, частка Савецкага Саюзу, аб якім большая палова нашага грамадзтва ўсё яшчэ марыць”.

(Спадар: ) “Да астатняй хвіліны не спадзяваліся мы, што так яно будзе. Але так сталася, і гэта вельмі добра. Гэта сапраўды нашы нацыянальныя сымбалі. Маё пакаленьне ня ведала, якім ёсьць наш герб сапраўды, якім ёсьць наш сьцяг сапраўды. Цяпер маладыя ведаюць, і гэтага ўжо ня зьнішчыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG