Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У.Ганчарык напісаў кнігу пра досьвед прэзыдэнцкіх выбараў


Радыё Свабода Пяць гадоў таму Аляксандар Лукашэнка прынес прысягу і пачаў адлік свайго другога прэзыдэнцкага тэрміну. Ягоны канкурэнт ад аб’яднанай апазыцыі на тых выбарах, былы лідэр Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык нядаўна напісаў кнігу “Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі — у рэжыме аўтакратыі”. Пра тое, як спадар Ганчарык параўноўвае дзьве выбарчыя кампаніі 2001 і 2006 годаў, як ацэньвае зьмены ў Беларусі за пяць гадоў, ён распавёў у інтэрвію “Свабодзе”.

Паводле афіцыйных зьвестак, у верасьні 2001 году за А.Лукашэнку прагаласавала 75% выбарцаў, якія прыйшлі на ўчасткі для галасаваньня. Сёлета пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ЦВК агучыў лічбу — 83% падтрымкі А.Лукашэнкі. Сам дзейны кіраўнік краіны днямі ў інтэрвію Бі-Бі-Сі заявіў, што за яго галасавала 95% выбарцаў.

Уладзімер Ганчарык мяркуе, што нават гэтыя лічбы сьведчаць пра пэўныя зьмены — прынамсі, у сьвядомасьці самога Аляксандра Лукашэнкі, які імкнецца да большага кантролю над грамадзтвам.

Уладзімер Ганчарык меў досьвед працы ў абедзьвюх апошніх выбарчых кампаніях. Сёлета ён працаваў у камандзе Аляксандра Казуліна. Па выніках удзелу ў гэтых кампаніях спадар Ганчарык напісаў кнігу, якую спачатку хацеў назваць “Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі — у рэжыме аўтакратыі”.

(Ганчарык: ) “Гэта не ўспаміны, гэта крытычны аналіз: што зроблена з боку ўлады, з боку апазыцыі, са свайго боку. І што ня зроблена”.

У сваёй кнізе спадар Ганчарык піша, што ні ўлада, ні апазыцыя не зрабілі патрэбных высноваў з выбараў 2001 году. Улада не пайшла на больш лібэральны шлях разьвіцьця краіны, а наадварот — пачала зьнішчаць незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасьць. Апазыцыя ж не змагла пазьбегнуць памылак пяцігадовай даўніны, зноў дапусьціла шмат унутраных дыскусіяў перад выбарамі, ня мела эфэктыўнага пляну абароны вынікаў галасаваньня. Ацэньваючы перамены ў Беларусі ў цэлым за мінулыя пяць гадоў, спадар Ганчарык зазначыў:

(Ганчарык: ) “Пазытыўная ёсьць розьніца, калі ўзяць бягучыя праблемы ў эканоміцы. Бо ўсё-такі ёсьць нейкі рост. Іншая справа, наколькі гэта пэрспэктыўна, коштам чаго. А што датычыць стану грамадзтва, то тут мінус — і вялікі мінус, бо яно незьяднанае, больш пасіўнае, у ім больш страху”.

Нягледзячы на горыч паразаў, спадар Ганчарык заклікае апазыцыю не адносіць сябе ў разрад дысыдэнтаў, больш працаваць з моладзьдзю. Але на хуткія дэмакратычныя пераўтварэньні ён не спадзяецца:

(Ганчарык : ) “Не, калі ня будзе такой мэтанакіраванай працы, а таксама з улікам унутранай абстаноўкі, зьнешніх дачыненьняў, калі гэта не пераацаніць, то яшчэ доўгі час чакаць… Умацоўваецца рэжым, на жаль, гэта трэба прызнаць, запалохваньні й перасьлед таксама ўплываюць. Хаця і цяпер людзі больш крытычна ставяцца да ўлады, але гэта на пабытовым узроўні, а не ў палітычнай актыўнасьці”.

Спадар Ганчарык не спадзяецца апублікаваць сваю кнігу ў Беларусі, таму будзе шукаць выдаўца ў Расеі.
XS
SM
MD
LG