Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увечары ў Рыме завершацца перамовы наконт Вікі Мароз


Радыё Свабода Сёньня ўвечары павінен вырашыцца лёс выхаванкі вялейскага дзіцячага дому Вікі Мароз. Італьянская сямейная пара Алясандра Джуста і Марыя Барначын хоча пакінуць дзяўчынку ў сябе ў Італіі. Італьянцы, у якіх апошнія гады гасьцюе Віка Мароз, называюць дзяўчынку дачкой Марыяй. Яны мяркуюць, што ў Беларусі дзіцяці пагражае маральны й фізычны гвалт.

Паводле паведамленьняў італьянскіх СМІ, сёньня заканчваецца 24-гадзінны ўльтыматум беларускай амбасады ў Рыме, які тая выставіла італьянскай сям’і адносна вяртаньня Вікі Мароз у Беларусь. Учора італьянскі ўрад зьвярнуўся да Беларусі з просьбай даць дадатковы час да сёньняшняга вечара, каб завершыць перамовы з італьянскай сям’ёй. Перадаецца таксама, што беларускі амбасадар у Рыме Аляксей Скрыпко прыняў прапанову.

Радыё Свабода датэлефанавалася да беларускай амбасады ў Рыме:

(Манаў: ) “Ведаеце, я нічога вам сказаць цяпер не магу, паколькі побач са мной знаходзіцца амбасадар Беларусі ў Італіі, і ён цяпер дае інтэрвію італьянскай прэсе. Калі вы патэлефануеце празь пяць хвілінаў і ў яго будзе час, ён вам адкажа на вашы пытаньні”.

Аднак ні празь пяць хвілінаў, ні пазьней на наш званок ніхто не адказаў.

Напярэдадні ў размове зь БелаПАН амбасадар Беларусі ў Італіі Аляксей Скрыпко падкрэсьліў, што “весьці дыялёг з грамадзянамі — сувэрэннае права любой дзяржавы”. Ён ня стаў камэнтаваць магчымых захадаў беларускага боку па завяршэньні перамоваў. “Нашая пазыцыя застаецца прынцыповай — дзяўчынка павінна без аніякіх умоваў быць вернутая ў Беларусь”, — падкрэсьліў спадар Скрыпко.

Мы зьвярнуліся па інфармацыю да калегаў, якія працуюць у Італіі.

Кіраўнік беларускай службы Радыё Ватыкан айцец Клаўдзі паведаміў “Свабодзе”:

(а.Клаўдзі: ) “Учора адбылася сустрэча паміж бацькамі й прадстаўнікамі італьянскага міністэрства юстыцыі. Бацькі патрабуюць, каб дзяўчынка засталася прынамсі на год у Італіі, калі ня ў іх, то хаця б у нейкай адпаведнай структуры. Аднак гэта ня так проста, бо беларускі амбасадар у Італіі патрабуе, каб італьянскі бок перадаў менавіта сёньня Беларусі гэтую дзяўчынку. Ультыматум быў зроблены ўчора, і тэрмін ягонага выкананьня — 24 гадзіны. Цяпер ёсьць пагроза, як кажуць дыпляматы, дыпляматычнага канфлікту паміж Беларусьсю і Італіяй”.

А вось інфармацыя, якой падзяліўся з намі карэспандэнт бэрлінскай “Die Tageszeitung” Міхаэль Браўн:

(Браўн: ) “Дыпляматы выказваюць спадзяваньне на тое, што сытуацыя мусіць вырашыцца пазытыўна, аднак ніхто ня кажа, як гэта можа выглядаць. Ёсьць толькі паведамленьне пра тое, што сёньня пасьля 15-й гадзіны паводле мясцовага часу сустракаюцца дзяржсакратар міністэрства юстыцыі Італіі зь сям’ёй, якая прымала ў сябе дзяўчынку, каб паспрабаваць вырашыць гэтую праблему. Напярэдадні былі заявы беларускай амбасады, што калі праблема ня будзе вырашаная, то спробы адносна ўдачарэньня дзяўчынкі будуць прыпыненыя”.
XS
SM
MD
LG