Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аптэках у Гародні адсутнічаюць шматлікія лекавыя расьліны


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы за 19 верасьня

Газэта Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны “Наша слова” сёньня нагадвае, што 15 гадоў таму Беларусь набыла новую дзяржаўную сымболіку - бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня”. Слова – рэдактару Станіславу Судніку:

(Суднік: ) “Друкуюцца стэнаграмы выступаў Ніла Гілевіча, Алега Трусава, Георгія Таразевіча, Валянціна Голубева на сэсіі Вярхоўнага Савету 19-га верасьня 1991 году”.

Станіслаў Суднік кажа, што сярод аўтараў сёньняшняга нумару – Вольга Іпатава і Сяргей Законьнікаў. Тыднёвік падае таксама падрабязнасьці да мастацкага пленэру на радзіме Васіля Быкава і распавядае пра новыя фальклорныя маршруты на Гарадзеншчыне.

Тыднёвік “Вечерний Брест” паведамляе, што паводле новага прэзыдэнцкага ўказу акцыянэрныя таварыствы “Дываны Брэста”, электрамэханічны ды электралямпавы заводы мусяць бязвыплатна перадаць акцыі дзяржаве. Журналісты сумняваюцца ў посьпеху, яны даводзяць, што цяпер шматлікія ўладальнікі каштоўных папераў працуюць у іншых месцах і нават за межамі Беларусі.

У аптэках у Гародні, як піша “Вечерний Гродно” адсутнічаюць на сёньня шматлікія лекавыя расьліны, у тым ліку шыпшына, глог, чабор, чага, пустэльнік. Журналісты даведаліся, што сёлета ў Беларусі зьменены парадак нарыхтоўкі лекавых расьлінаў. Выданьне канстатуе, што шараговыя грамадзяне адлучаныя ад удзелу ў гэтай справе. Прыродныя лекі ў аптэках у бліжэйшы час падаражэюць -- такі прагноз газэты.

Рэгіянальны тыднёвік “Вольнае Глыбокае” заўважыў цікавую заканамернасьць цяперашняга часу. Гаворыць рэдактар рэгіянальнага выданьня Уладзімер Скрабатун:

(Скрабатун: ) “Усе цяперашнія сельскагаспадарчыя вытворчыя каапэратывы (СВК) называюць паводле былых панскіх маёнткаў. Вось у Карабах – “Канстанцінаў двор”. І “Сельцы” таксама: побач быў фальварак “Сельцы”. “Азерцы” -- таксама быў такі маёнтак”.

Усяго, як удакладніў Уладзімер Скрабатун, у рэгіёне ўжо 18 былых калгасаў набылі назвы былых маёнткаў ды фальваркаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG