Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа. 18 верасьня.


Дзьмітры Падбярэскі, Менск

Сайт народных навінаў Віцебску. Яна Ільіна паведамляе: “Учора ў 9 гадзін раніцы скончыў жыцьцё самагубствам супрацоўнік Управы ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Афіцэр міліцыі застрэліўся са службовага пісталета прама на працы. Самазабойца жыў у Воршы і працаваў у адзьдзеле па раскрыцьцю злачынстваў супраць асобы. Зьвесьці рахункі з жыцьцём ён вырашыў нібыта пасьля непрыемнай размовы зь кіраўніцтвам… Магчыма, прычынай трагічнага выпадку магло стаць моцнае скарачэньне штатаў Управы ўнутраных спраў”.

Сайт www.otporby.org. Тут можна пазнаёміцца з выказваньнямі некаторых удзельнікаў флэш-мобу “Апэрацыя “Усьмешка”, які адбыўся на Кастрычніцкай плошчы Менску 17 верасьня: “Самым цікавым пэрсанажам у той вечар быў хлопец, які вырашыў прыйсьці на пляц з таблічкай, на якой чамусьці знаходзіўся малюнак з фільму “Матрыца” і надпіс “Разом нас богато!” Ягоны ўчынак не да канца быў зразумелы, але ж калі ён хацеў такім чынам выклікаць у мобэраў усьмешкі, з гэтым ён справіўся проста цудоўна. Відавочна, што ён не прастаяў і хвіліны, пасьля чаго яго чакаў ня вельмі прыемны лёс”.

А вось на сайце belarus.indymedia.org разьмешчаны такі зварот: “Дарагі сябра, 21 верасьня мы запрашаем цябе на галоўную плошчу твайго горада, каб разам сьвяткаваць Дзень міра ва ўсім сьвеце! У гэты дзень сьвядомыя і міралюбныя людзі зьбіраюцца на плошчы, каб запусьціць мільёны мыльных бурбалак у мірнае неба! Прыходзь на плошчу! Калі мы прыйдзем разам, зьяднаныя адзінай высакароднай мэтай, мы можам зрабіць сьвет хоць крыху лепшым! Не забудзь захапіць пару бутэлечак мыльных бурбалак!”

Валяньцін Асташынскі даслаў спасылку на сайт ІноСМІ, на якім зьмешчаны пераклад з літоўскай газэты "Delfi" артыкулу пад назвай “Бітва пад Воршай — найвялікшая вайсковая перамога Літвы над Расеяй”. Томас Баранаўскас піша: “У савецкі час было выдадзена нядрэннае дасьледваньне “Вайна літоўцаў з крыжакамі”, напісанае калектывам вядомых у той час гісторыкаў. Аб аналягічным дасьледваньні вайны Літвы з Расеяй тады не магло быць і гаворкі — белыя плямы прыкрываліся казкамі аб “вечнай дружбе расейскага і літоўскага народаў''”.

Аўтар блогу Максім зьвяртае ўвагу на сайт Беларускага радыё: “Народ афігівае ад беларускай мовы на сайце радыёстанцыі “Беларусь”. Гэта што, новая беларуская мова?”. Насамрэч, на сайце можна прачытаць й такое: “Афіцыяльны (так і напісана) сайт распрацаваны і суправаджаецца Дырэкцыяй інтэрнет-вяшчання Белтэлерадыёкампаніі”. У камэнтары нехта beatleofdoom згадвае: “Помніцца, асабісты выдалі мне ў 2002 годзе пасьведчаньне з пяцьцю памылкамі на беларускай мове, а потым яшчэ з дзьвюма на расейскай, калі ў іншую рэдакцыю пераводзіўся”.

Яшчэ адзін наш слухач Антон Старкоў з Брукліна, Ню-Ёрк, паведаміў, што на сайце dranikinews.com, што ён разьмясьціў запіс мэлёдыі ўласнай песьні “Крок Айчыны”. Далей Антон напісаў нам: “Хацелася б, каб яго убачыла/пачула Кася Камоцкая і прыняла б маю просьбу выканаць гэты твор. У камэнтарах Антон тлумачыць: “Гэтая мэлёдыя была са мной болей за трыццаць гадоў…Тады, недзе ў Менску, я і стварыў гэтую музыку, якая была са мной ўсе гэтыя доўгія гады, але толькі ў маёй памяці”. Дзякуй, Антон, мы пастараемся паказаць ваш твор Касе Камоцкай.

Блукаючы па Сеціве, не забывайцеся дасылаць свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэзскі, яшчэ сустэнемся …
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG