Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні Альбом: Камсамольская рамантыка


Вінцэсь Мудроў Новае эсэ Вінцэся Мудрова ў сэрыі "Летні Альбом".

Адной з галоўных тэмаў савецкай літаратуры, музыкі, выяўленчага мастацтва і кінематографу была камсамольская рамантыка. Маладых людзей такім чынам заклікалі кінуць родны дом і падацца за блізкі сьвет – у бязьлюдныя раёны Сібіры і Далёкага Ўсходу. У дзявятым клясе, памятаю, мы пісалі творапіс на вольную тэму. І тэма гучала так: “Я махну по дорогам нехоженным – далеко, может быть на Камчатку”. І ехаць у віры на юры моладзь мусіла не за грашыма, а за рамантыкай, за туманам і за пахамі тайгі.

“Не хочу-у я уюта, ни домашней и тёплой постели”, -- ад самага ранку, мабілізуючы ўсе свае сьціплыя вакальныя здольнасьці, руладзіў па беларускім радыё Віктар Вуячыч. “Снег над палаткой кружи-ится”, -- тураваў яму ў перадачы “Рабочы поўдзень” Мусьлім Магамаеў. “А ты пиши мне письма мельким почерком, поскольку места мало в рюкзаке”, -- сьпяваў у перадачы радыёстанцыі “Юность” ужо й не згадаю хто. Тэму рамантыкі эксплюатавала цэлая армія савецкіх кампазытараў. Галоўную скрыпку там грала Аляксандара Пахмутава. “Навстречу утренней заре по Ангаре, по Ангаре”, -- гэтую пахмутаўскую песьню мне давялося сьпяваць у школьным хоры. З падачы свайго сябра, Грышы Песіна, мы сьпявалі: “Пуанкарэ, Пуанкарэ”. Прозьвішча колішняга францускага прэм''ера ўдала ўпісвалася ў сыбірскі краявід.

У далёкую дарогу трэба было браць мінімум рэчаў: намёт, заплечнік, фотаздамак каханай і, вядома ж, гітару. Паэты і кампазытары дазвалялі таксама прыхапіць акраец хлеба. “Я беру с собой в дорогу лишь всего – на день хлеба и немного H2O”, -- сьпявалі маладыя энтузіясты. Пра С2Н5ОН – этылавы сьпірт – у песьнях ня згадвалі. Між тым, вырваўшыся ад бацькоў, энтузіясты шырока яго ўжывалі, і некаторых, па дарозе ў неабжыты край, здымалі зь цягнікоў.

Адначасова з разгулам рамантызма ў друку пачалася кампанія супраць мяшчанства. Мяшчанамі абвяшчаліся ўсе тыя, што не пажадаў жыць у намётах і карміць пякучых сібірскіх камароў. Атрыбутамі мяшчанства абвяшчаліся ўжо ня слонікі і ня плюшавыя шторы на вокнах, а радыёлы і наагул уся малагабарытная гарадзкая кватэра. “Ты здесь прочно осела: радиола, уют, я ж подался на Север, где норд-осты поют…” -- падпявалі норд-остам барадатыя хлапчыны з гітарай, сьцьвярджаючы ўадначас, што рамантычнае каханьне не бывае бяз доўгай разлукі.

Сёньня слова “рамантыка” засталося, хіба, у лексыконе кабет-разьвядзёнак. Калі ў першы курортны вечар сусед па абедзеным стале кладзе ім руку на калена, яны рашуча адхінаюцца і выдыхаюць: “Я так не магу, мне патрэбна рамантыка”.
XS
SM
MD
LG