Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Сіўчык: “Пры Лукашэнку мяне апраўдаць не маглі” (фота)


Радыё Свабода У судзе Цэнтральнага раёну Менску адбыўся разгляд справы Вячаслава Сіўчыка. Судзьдзя Іна Шайко прысудзіла палітыку 10 сутак арышту. Спадара Сіўчыка зьвінавацілі за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу на Кастрычніцкай плошчы 22 сакавіка. Аднак ён сваёй віны не прызнаў і зьвярнуўся са скаргай у пракуратуру, а таксама ў гарадзкі суд Менску.

У суд Вячаслава Сіўчыка прывезьлі пад аховаю з турмы на вуліцы Акрэсьціна. Там ён знаходзіўся пасьля затрыманьня 12 верасьня. Сёньняшняе паседжаньне мела вырашыць, ці законнае было тое затрыманьне. Суд стаў на бок міліцыянтаў. Вось як гэта пракамэнтаваў “Свабодзе” сам Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) “Незаконныя дзеяньні заўсёды хочуць замаскаваць нейкімі законнымі крокамі, і нічога новага тут няма. Дзіўна было б, каб пры Лукашэнку мяне апраўдалі ў гэтай справе”.

Паводле спадара Сіўчыка, гэта ўжо трэцяе судовае рашэньне паводле аднаго й таго ж артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу. За ўдзел у мітынгу на Кастрычніцкай плошчы 19 траўня Цэнтральны суд завочна даў яму 10 сутак арышту. 6 верасьня Менскі гарадзкі суд гэтае рашэньне адмяніў. Сёньня Вячаслаў Сіўчык быў зьвінавачаны наноў, і гэтае рашэньне канчатковае. Але спадар Сіўчык разам з адвакаткай Верай Страмкоўскай накіравалі скаргі ў пракуратуру й Менскі гарадзкі суд. Гаворыць Вера Страмкоўская:

(Страмкоўская: ) “Усе затрыманьні й знаходжаньне яго на Акрэсьціна былі беспадстаўныя й незаконныя. А таму будзем зьвяртацца аб адмене судовай пастановы і аднаўленьні ягоных правоў”.

З улікам папярэдняга, дасудовага зьняволеньня, Вячаславу Сіўчыку застаецца адбываць адміністрацыйны арышт каля пяці сутак. У суправаджэньні канваіраў яго зноў адправілі ў турму на Акрэсьціна. Каля будынку Цэнтральнага суду яго праводзіла жонка Ганна і маці Галіна. Вось што спадарыня Галіна сказала пра суд над сваім сынам:

(Сіўчык: ) “Я веру ў тое, што правасудзьдзе будзе, калі мы будзем у нармалёвай краіне жыць. І ў нас будуць працаваць і закон і права”.

Суд Цэнтральнага раёну Менску ад верасьня месьціцца на вуліцы Кірава, 22. З гэтага будынку тры гады таму гвалтам выселілі настаўнікаў і навучэнцаў Беларускага ліцэю імя Якуба Коласа.


Будынак суду Цэнтральнага раёну Менску – колішні будынак беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа


Вячаслаў Сіўчык у перапынку суду


Вячаслава Сіўчыка выводзяць з будынка суду, каб адправіць у турму на вуліцы Акрэсьціна
XS
SM
MD
LG