Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наглядная агітацыя


Вінцэсь Мудроў

У васьмідзясятых гадах, калі савецкая краіна паволі, але няўмольна спаўзала ў яму хабарніцтва і карупцыі, у гарадах і мястэчках лютавала так званая наглядная агітацыя, і ўсё наўкол было завешана манумэнтальнымі пано. Гэтая манумэнталістыка павінна была мабілізаваць савецкіх людзей на новыя працоўныя зьдзяйсьненьні. Апроч таго, пано разьвешвалі ва ўтылітарный мэтах: імі прыкрывалі пашарпаныя тарцы будынкаў.

Галоўным героем наглядна-агітацыйных малявідлаў быў правадыр сусьветнага пралетарыяту. Звычайна яго малявалі ў расхлістаным палітоне і з выцянутай наперад рукой. У другой руцэ Ільліч трымаў скручаную ў трубку газэту “Правда”, і здалёк здавалася, што ён трымае бутэльку “чарніла”. “Верной дорогой идёте, товарищи!” – ляцеў уздоўж пано размашысты надпіс. Па іроніі, Ільліч заўсёды паказваў альбо на могілкі, альбо на віна-гарэлачную краму.

Другую частотную пазыцыю, прынамсі ў Наваполацку, займаў будаўнік камунізму з валявымі квадратнымі сківіцамі. На ім была рабочая сьпяцоўка і мантажная каска, на якой ляжалі водбліскі нязгаснага сьвятла камунізму. У паставе, у адкрытым, пад трафарэт маляваным твары, скразіла ідэйнасьць, рашучасьць, гатовасьць да самаахвяраваньня ў імя высокіх ідэалаў. Увасабленьнем ідэалаў была таўсьценная таміна, на якой было напісана: «Праграма КПСС», і якую будаўнік камунізму старчма трымаў перад сабою.

У васьмідзясятых гадох хваля нагляднай агітацыі захліснула й вёску. Калгас убіўся ў даўгі, на фэрме рыкалі галодныя каровы, трактарысты ляжалі, упітыя, пад плотам, а перад уваходам у праўленьне стаялі фанэрныя шчыты з выяваю даяркі ў беласьнежным халаце і маладога мэханізатара з развадным ключом у руцэ. З долу гвардзейцаў пяцігодкі падпіралі дыяграмы шалёнага росту сельгасвытворчасьці, а з гары надпіс “Харчовую праграму – выканаем!”

Наглядная агітацыя была прыбытковай справай, і займаліся ёю ня толькі халтуршчыкі, але й таленавітыя мастакі. Сярод іх былі і мае сябры. З надыходам лета яны хапалі бляшанкі з фарбай, трафарэты з выяваю камуністычных големаў ды падаваліся на вёску, каб належным чынам аздобіць будынкі праўленьняў калгасу. І калі нейкі мастак, што надоечы гібеў без капейкі, пад''яжджаў да сваёй майстэрні на новых “жыгулях”, калегі з зайздрасьцю і дакорам канстатавалі: сеў на наглядную агітацыю.
XS
SM
MD
LG