Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фідэль Кастра


Вінцэсь Мудроў

На навагоднім ранішніку – мы тады сустракалі новы, 1962 год, Дзед Мароз спытаў: “Каго ведаеце з касманаўтаў?” – і адзін хлопец голасна крыкнуў: “Юры Гагарын, Герман Цітоў, Фідэль Кастра!” Тою парою лідэр кубінскай рэвалюцыі – магутны барадач ў барэце і з цыгарай у зубах – быў ня менш папулярны, чым касманаўты. Асабліва ўсім падабалася, што кубінскі лідэр мог гадзінамі прамаўляць палкія прамовы.

Разгул савецка-кубінскага сяброўства прыпаў на 1963 год. Таго году Мікіта Хрушчоў ганараваў Фідэля зорачкай Героя Савецкага Саюзу, а радыёэтэр скаланула песьня “Куба, любовь моя”.

“Слышишь чеканный шаг? Это идут “барбудос”. Небо над ними как огненный стяг -- Слышишь чеканный шаг?”

Для тых, хто ня ведае, паведамім: “барбудас” па-гішпанску “барадачы”.

У 63-м годзе савецкія людзі ціснуліся ў чэргах па хлеб, аднак на далёкіх сяброў не забывалі. Той жа кубінскі цукар Савецкі Саюз набываў па коштах у некалькі разоў большых за ўсясьветныя. Праўда, савецкая дапамога, як гэта часта бывае пры дыктатурах, на карысьць кубінцам не пайшла. І на Высьпе Свабоды немагчыма было набыць бутэльку малака для дзіцёнка.

Фідэль Кастра на кароткі час стаў заканадаўцам моды. Страшэнную папулярнасьць займелі чорныя барэты. Іх можна было набыць толькі ў Маскве й Ленінградзе. Прычым, да макаўкі быў прышыты караценькі пампон, які адразу ж, скрывіўшы вусны, адразалі. Той-сёй адпусьціў бараду. Аднак такія праявы грамадзтвам не віталіся. У нашым пад’езьдзе завёўся адзін “барбуда” і адразу ж атрымаў мянушку Кастра. Сустракаючы яго ля пад’езду, суседзі заўсёды пыталіся: “Іван, калі паголішся?” Урэшце, аднаго разу Іван заснуў недзе п’яны, сябрукі перапэцкалі бараду гудронам і “барбуда” давялося пагаліцца.

Пасьля таго, як зьнялі Хрушчова, разгул савецка-кубінскага сяброўства паволі аціх. Пра Кубу рэгулярна згадвалі ў друку, але без ранейшага імпэту. Да таго ж, па радыё больш ужо не сьпявалі “Куба, любовь моя”. На той час ужо існаваў іншы, народны тэкст, які пачынаўся словамі: “Куба, отдай наш хлеб”.

Што зь сябе ўяўляе кастраўскі рэжым, стала вядома з кнігі кубінскага паэта і дысыдэнта Арманда Вальядарэса “З надзеяй у сэрцы…” Паэт дваццаць два гады правёў у камуністычных катоўнях, і яму было што распавесьці людзям. Кубінскі варыянт “Архіпэлягу ГУЛАГ” пераканаў, што ўсе таталітарныя рэжымы і ўсе дыктатары аднолькавыя па сваёй сутнасьці. Сёньня прозьвішча Кастра мала хвалюе беларусаў. Адно што жанкі сярэдняга пакаленьня, пачуўшы яго, сьвятлеюць з твару. Аднак маюць яны наўвеце не Фідэля, а выканаўцу галоўнай ролі ў сэрыяле “Багатыя таксама плачуць” Вэроніку Кастра.
XS
SM
MD
LG