Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чыноўнікі адгарадзілі прэзыдэнта ад народу й не даюць яму свабодна з намі сустракацца”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 17 верасьня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Апошнім часам некаторыя апазыцыйныя лідэры, у прыватнасьці, Аляксандар Мілінкевіч і Вінцук Вячорка, неаднаразова выступалі з заявамі пра небясьпеку страты дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Такая пагроза, паводле іх, зьвязаная зь меркаваным рэфэрэндумам на тэму Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі.

Апазыцыя ўжо заявіла пра падрыхтоўку Форуму за незалежнасьць Беларусі. У той жа час многія апазыцыйныя актывісты лічаць гэту небясьпеку перабольшанай, а заклікі — дачаснымі й неабгрунтаванымі. Гэтыя спрэчкі, што адбываюцца ў апазыцыйным асяродзьдзі, адбіліся і на пошце “Свабоды”.

Сёньняшнюю размову пачну з электроннага ліста на гэтую тэму, які даслаў нам Уладзімер Сіняўскі зь Менску.

“Не разумею, чаму раптам апазыцыя ўзьняла такі вэрхал — нібы беларускай незалежнасьці нешта пагражае. Хто ім сказаў, што Лукашэнка зьбіраецца стаць расейскім губэрнатарам? Ды ён з таго часу, як у Маскве да ўлады прыйшоў Пуцін, пра аб’яднаньне ў адну дзяржаву ўвогуле не гаворыць.

Пагартайце ягоныя выступы за апошнія некалькі год. Ён дзясятак разоў паўтарыў, што незалежнасьць — гэта сьвятое, што сувэрэнітэтам не гандлюе, што беларускі народ не пацерпіць страты сваёй краіны. І асабіста я яму веру. Не таму, што зьяўляюся вялікім прыхільнікам ягонай палітыкі. Проста няма ў Лукашэнкі вялікага сэнсу здаваць незалежнасьць дзяржавы, якую ён узначальвае 12 гадоў, першым прэзыдэнтам якой зьяўляецца.

Дзеля чаго яму гэта рабіць? Дзеля прывідных крамлёўскіх пэрспэктываў? Можа, і былі ў яго такія амбіцыі, але наўрад ці захаваліся. Ён жа бачыць, па якіх правілах гуляюць у Расеі. Падман там — норма палітычнага жыцьця. Яны ж нават сваіх самых блізкіх саюзьнікаў імкнуцца на кожным кроку падмануць і абабраць.

Лукашэнка — сталы і мудры чалавек. Ён, безумоўна, ужо думае пра тое, якім застанецца ў гісторыі, які сьлед пакіне пасьля сябе. Які сэнс здабываць сабе Герастратаву славу, назаўсёды заставацца ў гісторыі зьнішчальнікам беларускай дзяржавы? У яго ёсьць альтэрнатыва: ён — першы прэзыдэнт незалежнай дзяржавы, ствараў і ўмацоўваў суверэнітэт, пры ім пасьля зацяжнога крызісу ўстала з каленяў эканоміка, падвысіўся дабрабыт людзей. А якім чынам у маладых незалежных краінах ушаноўваюць сваіх першых прэзыдэнтаў? Як увечненае імя Вашынгтона ў ЗША ці Пілсудзкага ў Польшчы? Думаю, якраз імем Лукашэнкі празь нейкі час будзе названы галоўны праспэкт у Менску і зьявіцца помнік на цэнтральнай плошчы”.

Ну, пра помнік Лукашэнку і наданьне ягонага імя галоўнаму сталічнаму праспэкту казаць пакуль заўчасна, спадар Сіняўскі. Гэта пытаньне, хутчэй за ўсё, будуць вырашаць наступныя пакаленьні беларусаў, якія паглядзяць і на сёньняшнія падзеі, і на асобу Аляксандра Лукашэнкі з вышыні свайго досьведу і веданьня сапраўднай гісторыі. Наўрад ці гэта адбудзецца пры жыцьці Лукашэнкі. Праўда, у яго былі і застаюцца неабмежаваныя магчымасьці для манумэнтальнага увечненьня сваёй асобы, але ён такую спакусу да апошняга часу пераадольваў. Прынамсі, усе падобныя ініцыятывы, якія зыходзілі ад паслужлівага атачэньня, ім адхіляліся.

Што да пагрозы незалежнасьці… Апазыцыйныя лідэры зьвяртаюць увагу на складанае становішча, у якім апынуўся Лукашэнка ў выніку газавага ўльтыматуму з боку Расеі, а таксама ўсё больш жорсткай ізаляцыі з боку Захаду. І нібыта гэта можа штурхнуць яго ў абдымкі Крамля. Хоць, калі згадваць сярэдзіну і канец 1990-х гадоў, тады эканамічнае становішча Беларусі было куды больш складанае, і міжнародны ціск на Беларусь ня меншым, чым цяпер.

Наш слухач Аляксандар Цімашэнка з Гомелю — адзін з тых грамадзка актыўных людзей, якія на працягу многіх гадоў змагаюцца за справядлівасьць і дзеля гэтага прыкладаюць нямала намаганьняў, каб сустрэцца зь першымі асобамі ў дзяржаве. Што з гэтага атрымліваецца? Вось як спадар Цімашэнка піша пра гэта ў сваім лісьце на “Свабоду”:

“Я пяты год безвынікова дамагаюся сустрэчы з прэзыдэнтам. Ад розных ведамстваў атрымліваю адпіскі. Чыноўнікі адгарадзілі прэзыдэнта ад народу і не даюць яму свабодна з намі сустракацца і размаўляць. Я галасаваў за Лукашэнку на ўсіх выбарах і рэфэрэндумах і лічу, што маю права сказаць яму некалькі словаў. Мяне несправядліва выгналі на пэнсію і плацяць ня столькі, колькі я павінен атрымліваць. З гэтай мафіяй трэба нешта рабіць.

Я ў такім разе будуць патрабаваць сустрэчы зь Мілінкевічам і буду прасіць дапамогі ў яго. І няхай пра гэта ведае ўлада, якая ня хоча слухаць людзей, якія за яе галасавалі. А я наступны раз падумаю, за каго галасаваць. Дапаможа Мілінкевіч — можа, прагаласую і за яго”.

Наўрад ці, спадар Цімашэнка, апазыцыйны палітык Мілінкевіч дапаможа вам аднавіцца на працы ці падвысіць вашу пэнсію. Нават калі прыме вас і выслухае. Можна толькі здагадвацца, як адрэагаваў бы чыноўнік, атрымаўшы хадайніцтва за ягоным подпісам. Прынамсі, шанцаў на тое, што вэртыкаль кінулася б выконваць просьбу вядомага апазыцыйнага палітыка — няшмат.

Увогуле, разьбірацца ў вашай праблеме павінны былі б мясцовыя чыноўнікі з ўправы сацыяльнай абароны, а ў выпадку, калі іхнае ўмяшаньне вас не задаволіла б — суд. Праблема, аднак, яшчэ і ў тым, што ў незалежнасьць і справядлівасьць суду многія людзі ня вераць, а ўсе свае спадзяваньні зьвязваюць толькі з прэзыдэнтам. Сыстэма ўлады, створаная ў Беларусі, і ўся практыка дачыненьняў паміж грамадзянамі й дзяржаўнымі інстытутамі гэтае стэрэатыпнае ўяўленьне ня толькі не разбураюць, але і ўсяляк яго ўмацоўваюць.

Наш слухач Максім Бярэзінскі зь Менску ў сваім новым лісьце на “Свабоду” згадвае падзеі 70-гадовай даўніны, сьведкам якіх сам быў у дзяцінстве.

“Набліжаецца 2007 год — гадавіна страшнага 1937-га, калі “родная советская власть” на самых высокіх абаротах запусьціла машыну вынішчэньня ўласнага народу. Машына тая бязь літасьці здымала галовы маршалаў і калгасных брыгадзіраў, сакратароў ЦК і вясковых шматдзетных жанчын. Віна кожнай ахвяры была высмактана карнікамі з пальца.

Я зрабіў падворны абход многіх вёсак Бярозкаўскага сельсавету Докшыцкага раёну. Паводле маіх падлікаў, у вёсках раёну ў яго цяперашніх межах начамі 1937 году зьніклі каля 1000 чалавек, зь іх 352 былі расстраляныя. Вось некалькі прыкладаў. Вёска Мацееўцы. Зь сям’і старога Паляка Тумаша ўзялі двух сыноў — радавога калгасьніка Костуся і брыгадзіра Пётру, абодвух асудзілі да найвышэйшай меры пакараньня. Засталіся 80-гадовыя бацькі, жонкі-ўдовы і сіроты-дзеці.

Вёска Асінавік. Настаўнік Іосіф Навіцкі расстраляны. Вёска Кемешаўцы. Хатняя гаспадыня, маці васьмярых дзяцей Насьцюшонак Марыя — тры гады катаргі. Вёска Нябышына. Калгасьнікі Ананіч Рыгор, Мышкоўскі Антон, Стэльмах Уладзімер і Салянка Іван — 10 гадоў катаргі, за тое, што пабралі жонак зь вёсак, якія засталіся на польскім баку мяжы...”

У сваім лісьце Максім Бярэзінскі прыводзіць і многія іншыя прыклады. Ён таксама згадвае, як жылі ў тагачаснай калгаснай вёсцы:

“Каб выслаць людзей, накладвалі на іх непасільны падатак — грашовы ці натуральны, або і абодва разам. Напрыклад, вёска Вешкі. Праліч Іван Аляксеевіч. Сям’я — 6 душ. 8 дзесяцін зямлі. Падатку — 254 рублі. Аднаразовага збору — 294. Вось і заплаці, калі ў той час конь каштаваў 20 рублёў, карова — 30—40, хата — 30.

Зорыч Апанас — сям’я эксплюататарская, маюць швейную машынку. Выслаць.

Вёска Беразіно. Сівіцкі Вацлаў. Абавязалі здаць: 40 пудоў сена, 50 — саломы, 10 кіляграмаў цыбулі, 80 — ільносемя, 80 — ільнавалакна ці пянькі, 1 сьвіньню, 3 авечкі. На дапамогу “цьвёрдазаконшчыку” прыходзілі ўсе сваякі. Былі выпадкі, калі, каб выканаць плян, разьвівалі ўжо гатовыя новыя вяроўкі, расчэсвалі й здавалі як валакно.

428 сем’яў у раёне былі пазбаўленыя выбарчага права, пастаўленыя ў лік непаўнацэнных людзей: Кодзь-абшарнік, Лях-паліцэйскі, Насьцюшонак-царкоўны званар і многія іншыя.

...Вось гэтыя антычалавечыя ўчынкі сацыялістычнай дыктатуры змазваюць і ўсё добрае, што яна змушаная была самім жыцьцём рабіць”.

Так, спадар Бярэзінскі, гэта адна з самых драматычных старонак нацыянальнай гісторыі ХХ стагодзьдзя. Напрыканцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў, калі пра тыя падзеі пачалі гаварыць праўду, калі сталі выяўляць схаваныя бальшавікамі месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў бязьвінных ахвяраў, здавалася, што нарэшце ўсе імёны ахвяраў і катаў стануць вядомыя, што дзяржава пакаецца за злачынствы сваіх папярэднікаў, пераемніцай якіх сябе лічыць, а грамадзтва назаўсёды адрачэцца ад таталітарызму, якім бы прывабным на пачатку ён ні выглядаў.

Але гэтага, як ведаем, не адбылося. У Курапатах дагэтуль няма годнага мэмарыялу, імёны катаў пільна сьцеражэ КДБ, дзяржава ня толькі не пакаялася за свае злачынствы, але нават зноў робіць спробы апраўдаць іх. І прынамсі, зусім не зьбіраецца вяртаць маёмасьць і плаціць кампэнсацыі нашчадкам тых, у каго адабрала ўсё, бязьвінна асудзіла, саслала і зьнішчыла. Пакуль гэтага не адбылося, гаварыць пра тое, што паўтарэньне масавых палітычных рэпрэсіяў немагчымае, на жаль, не выпадае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG