Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарсуд не вярнуў С.Альферу канфіскаваныя грошы


Радыё Свабода Сёньня ў Менскім гарадзкім судзе разгледзелі касацыйную скаргу старшыні выканкаму Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргея Альфера да мытні Нацыянальнага аэрапорту “Менск-2”. Судзьдзя Натальля Жупікава пакінула рашэньне суду Кастрычніцкага раёну Менску ў сіле.

Нагадаем, 11 жніўня Кастрычніцкі суд адмовіўся вярнуць спадару Альферу сканфіскаваныя мытняй грошы.

25 сакавіка ў спадара Альфера, які вяртаўся з Варшавы, супрацоўнікі мытні сканфіскавалі 80 даляраў і 135 эўра. Падстава — у мытнікаў узьнікла падазрэньне, што грошы фальшывыя. Прайшло ўжо амаль паўгоду, але грошай дагэтуль не вярнулі. Першая судовая інстанцыя, раённы суд Кастрычніцкага раёну, вынесла рашэньне: грошай не вяртаць, бо яны нібыта знаходзяцца на экспэртызе ў КДБ. Пацярпелы падаў скаргу ў наступную інстанцыю.

Разгляд касацыйнай скаргі Сяргея Альфера ў Менскім гарадзкім судзе доўжыўся 20 хвілінаў. Рэзалюцыйнай часткі рашэньня не зачытвалі, толькі вызначэньне судовай калегіі. Распавядае спадар Альфер:

(Альфер: ) “Мяне ўвогуле не захацелі слухаць, напачатку майго выступу наагул абарвалі, не хацелі заслухоўваць ніякіх дадатковых зьвестак. Яны проста паўшчувалі супрацоўнікаў мытні за тое, што тыя паўгоду не аддаюць грошай на экспэртызу, для якой, з гледзішча суду, патрэбна было дзесяць ці пятнаццаць хвілінаў, і пакінулі рашэньне суду ў сіле”.

Больш за месяц прайшло пасьля паседжаньня суду Кастрыцніцкага раёну, але справа так і не зварухнулася — паводле вэрсіі гарадзкога суду, грошы дагэтуль знаходзяцца на экспэртызе ў КДБ. Кажа Сяргей Альфер.

(Альфер: ) “Фармальна ёсьць папера ў матэрыялах суду, што грошы былі перададзеныя ў трэцяе аддзяленьне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі на экспэртызу. Але ці яны там знаходзяцца, ці не знаходзяцца — ніхто ня ведае. А па-другое, каб яны сапраўды хацелі правесьці экспэртызу, яны б ужо даўно яе правялі, і ўся беларуская грамадзкасьць ведала, што Альфер возіць фальшывыя грошы і завялі б адміністрацыйную ці крымінальную справу”.

Прэсавы сакратар КДБ Валер Надтачаеў на пытаньне “Колькі часу можа доўжыцца экспэртыза грошай?” адказаў такім чынам:

(Надтачаеў: ) “Пра працягласьць экспэртызаў я не гатовы сказаць, таму што яны бываюць розныя і рознага часу патрабуюць. Гэта, напэўна, не зусім адрасны зварот, у нас гэтым займаецца Міністэрства ўнутраных справаў”.

Вызначэньнем сапраўднасьці грошай звычайна займаецца зусім іншае ведамства — Дзяржаўны экспэртны крыміналістычны цэнтар Міністэрства ўнутраных справаў, але ў вызначэньні Менскага гарадзкага суду сёньня зноў фігуравала, што грошы знаходзяцца на экспэртызе ў КДБ.

Спадар Альфер зьбіраецца падаць скаргу ў Вярхоўны Суд у наглядным парадку, а потым зьвяртацца ў Камітэт правоў чалавека ААН.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у аэрапорце “Менск-2” канфіскоўвалі грошы ня толькі ў Альфера. 100 эўра сканфіскавалі ў віцебскай дэпутаткі Вольгі Карач. У эканаміста Яраслава Раманчука забралі ноўтбук і 530 эўра. У міжнароднага каардынатара “Хартыі-97” Андрэя Саньнікава, які вяртаўся 26 сакавіка зь Лёндану, забралі 1040 даляраў, 260 эўра і 185 фунтаў стэрлінгаў. Дагэтуль ні грошай, ні аргтэхнікі нікому не вярнулі.
XS
SM
MD
LG