Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Чалавек, які зашмат кажа пра шматпалярнасьць, у сябе дома зрабіў аднапалярнасьць"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за панядзелак, 18 верасьня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Па БТ паказваюць рэпартажы пра паездкі прэзыдэнта па Беларусі, з абавязковым наведваньнем якога-небудзь калгаса. Глядзіш і дзіву даесься, як там добра і прыгожа, усё нібы языком вылізана, усе пафарбавана і пабелена, нават трава падстрыжаная. Як кажуць, жыві і радуйся. Ды любы разумны чалавек, канечне, зразумее, што гэта проста паказуха і ня мае нічога агульнага з рэальнасьцю. Там пра візыт прэзыдэнта ведалі даўно і грунтоўна падрыхтаваліся. А Аляксандру Рыгоравічу трэба езьдзіць туды, дзе, як тэлефанавала адна слухачка, каровы стаяць галодныя на вушы ў навозе. Толькі там ён пабачыць рэальную сытуацыю без ашуканства і паказухі”.

(Давыдзенка Павал Андрэевіч, інвалід ЧАЭС: ) “Мой сын-аўганец скалечаны прыйшоў. І мяне давялі ўжо да ступені, што я ўжо ня ведаю, да каго зьвяртацца і што да чаго. Сына цяпер давялі, што мача не трымаецца. Групу не даюць, а кажуць, каб я “даў на лапу”: “Давай на лапу і потым дадзім групу,” – вось, што робіцца ў нас, калі ласка. Якое бязладзьдзе! Скалечылі дзіця, скалечылі мяне і яшчэ зьдзіраюць грошы! А за мною за тое, што я тэлефаную на “Свабоду”і расказваю ўсё на сьвеце, ужо ажыцьцяўляецца сачэньне. За мною ўжо сочаць пярэваратні ў пагонах за тое, што я праўду кажу”.

(Аляксей з Маладэчна: ) “Прывітаньне. Зь цікавасьцю праслухаў гутарку са старшынёй Таварыства Беларускай мовы Алегам Трусавым. Павінен адзначыць, што праца, якая праводзіцца спадаром Трусавым, выключна разумная і выключна карысная. Трэба не “акопнай палітыкай” займацца, а рэальнай справай. Ён гэта і прадэманстраваў. Але асабліва мяне зьдзівіла тое, чаго я ня ведаў: што спадары пісьменьнікі не хацелі плаціць рэнту і ня сабралі адносна невялікую суму, якую трэба было заплаціць. Сума сама па сабе, здаецца, і вялікая, але калі раскідаць на гэтыя некалькі соцень пёраў, то атрымліваюцца, так сказаць, умераныя грошы. Але калі ўлічыць, што некаторых спадароў я ведаю асабіста, і яны далёка ня бедныя, то гэта выклікае ў мяне вялікае зьдзіўленьне: шмат словаў і мала працы”.

(Спадар: ) “Калі ласка, які ўжо раз задаю пытаньне, на якіх хвалях Вас можна злавіць. Я іх ня ведаю. Я Вас чую толькі зь 10 да 12. Калі можна, патэлефануйце і скажыце. Мой тэлефон гомельскі: 43-24-62. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Я хацеў бы выказаць сваё меркаваньне наконт таго, як людзі атрымліваюць розныя заробкі. Дык вось. Нашыя кіраўнікі ўзялі на ўзбраеньне амэрыканскую статыстыку, якая сьведчыць наступнае: калі адзін амэрыканец зьеў на вячэру курыцу, а другі лёг спаць галодным, то ў сярэднім яны зьелі па паў-курыцы. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Хачу выказаць меркаваньне наконт зьмяшчэньня Дранчука і Казуліна на Валадарцы. Навошта Вы называеце гэта турмой? Для мяне гэта не зразумела. Гэта не турма, гэта прыбіральня. Яны практычна сядзяць у прыбіральні. І ня трэба прычэсваць гэта. Называць трэба сваімі імёнамі. Дзякуй”.

(Спадарыня з Магілёву: ) “Паважаны Алег Трусаў, патэлефанаваўшы на “Свабоду” на Вашае імя, ніводнае маё слова не казала, што Вы нечы вораг, як Вы выказаліся. Як мне падаецца, я даволі карэктна выказала свой пункт гледзішча наконт Вашых выступаў на “Свабодзе”. І яшчэ пра дыялёгі. Яшчэ да выбараў Аляксандр Мілінкевіч запрашаў Лукашэнку на тэледэбаты. Лукашэнка адмовіўся. Аляксандр Казулін спрабаваў прайсьці на Ўсебеларускі сход. Усім вядома, што зь ім адбылося. Па-Вашаму, гэта слабыя людзі? Абразьлівыя выпады Лукашэнкі на Ўсебеларускім сходзе ў бок лідэраў апазыцыі. Пра якія дыялёгі можна весьці гаворку? Калі Вы лічыце Лукашэнку моцным, то пераканайце яго ў тым, што трэба прызнаць: выбары былі несумленныя, вынікі выбараў былі сфальсыфікаваныя і папрасіць прабачэньня, вы ведаеце перад кім і за што. Пасьля гэтых захадаў Лукашэнкі яшчэ можна падумаць пра дыялёгі”.

“Лукашэнка паехаў на Кубу практычна ад гультайства. Сабраліся на гэты форум краіны Руху недалучэньня, якія ненавідзяць Амэрыку і яе палітыку. Ні Беларусі, ні беларускаму народу ад яго паездкі аўтарытэту не прыбавіцца, і жыцьцё беларусаў не палепшыцца. Паездка на Кубу патрэбна асабіста Лукашэнку, вось толькі ці за асабістыя фінансы знаходзіцца ён на Кубе? І ці патрэбна наагул гаварыць пра Лукашэнку і пра Кубу, якія не радуюць ні душу, ні сэрца?! Турбуе душу чарговы арышт лідэра Маладога Фронту Зьміцера Дашкевіча, якога абвінавачваюць практычна ў тэрарызьме, Івана з Салігорску схапілі наўпрост у школе па абвінавачваньню ў крадзяжы. Дзіўна, што тых, хто хоча пераменаў да лепшага і свабоднага жыцьця, свабоды і незалежнасьці Беларусі, улада лічыць тэрарыстамі, хуліганамі і нават злодзеямі. У адносінах на моладзі палітыку Лукашэнкі, на мой погляд, можна назваць адным словам – “садызм.” Дзяўчынка ў свае 10 год змагла разабрацца, дзе ёй лепш жыць, не жадае вяртацца ў свой інтэрнат, бо ў Італіі клапаціліся пра яе намнога лепш. За 12 год праўленьня Лукашэнкі я як пэнсіянэр настолькі зьбяднела, што мне цяжка назваць суму для забесьпячэньня элемэнтарных побытавых патрэб. Пакуль ва ўладзе рэжым Лукашэнкі, няма ў што верыць. Адзіная надзея на Аляксандра Мілінкевіча”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я Вас віншую зь сёньняшняй нядзелькай. Самага найлепшага, моцнага здароўя для Вас усіх. Лукашэнка зьдзіўляецца, чаму не пускаюць Беларусь да Расеі. Мы усе просім зьняць Лукашэнку з працы. Зрабіць усё, каб яго не было, каб быў дэмакратычны прэзыдэнт. Людзі ня хочуць у Расею, толькі расейцы, якія тут жывуць, бо ім было добра, а мы стаялі на каленях. Не дадзімся Расеі, не дадзімся маскоўскім алігархам. Як Вы ведаеце, шаноўныя, пустыя былі пры іх крамы, не было нічога ні паесьці, ні апрануць... А цяпер мы ня хочам, каб расейцы прыйшлі. Просім не дапусьціць да Расеі нашую краіну Беларусь. Просім ва ўсяго сьвету, просім у Вас. Дзякую за ўвагу”.

“Добры вечар, шаноўная “Свабода”! Я хачу сёньня падзякаваць свайму шаноўнаму. Я сёньня ад яго атрымала прывітаньне. І на гэтай дарожцы, дзе… Мне было так цікава. Я думала, можа, гэта мой шаноўны … ідзе… І я памятала, гэта было маё першае знаёмства, і я ня ведала нават, хто гэта…толькі потым здагадвалася…Я хачу яму падзякаваць. Дзякую за прывітаньне, дзякую за памяць. Я таксама памятаю і радая Вас бачыць. Дзякую за ўвагу”.

(Спадар: ) “Наконт саміту ці форуму, што адбываецца на Кубе. Чаму гэта турбуе нашых людзей і Ваша радыё? Толькі трэба казаць “Радыё Свабода”, а ня проста “Свабода”. А што там дрэннае робіць наш прэзыдэнт? Ён робіць добрую справу разам з усімі, для таго, каб быў мір, спакой, дабрыня. Вось і ўсё. “Што ён можа там?”, “Ён права ня мае” – заварушылася ўся “шантрапа”, нейкая дзікая і неразумная. Слушна, сабраліся людзі, і Кофі Анан там… Гэта краіны, якія не далучыліся, ці амаль не далучыліся – ня важна. Галоўнае, што яны робяць, што яны вырашаюць... Я разумею, што Вы на грошы Амэрыкі працуеце, таму Вам усё там... Так жа, як вы казалі, калі выступаў Быкаў, што жанчын на фронт пасылалі, каб улагоджваць камандзіраў. Гэта ж я сваімі вушамі чуў, як Вы гэта агучвалі. Гэта ж горш за бандытызм, такія разважаньні. Калі ўвесь народ змагаўся, біўся, дабравольцамі ішлі гэтыя жанчыны, дык што? Мае бацькі, мае бабулі і маці, якія былі на фронце, пайшлі туды, каб займацца блудам?!”

(Пэнсіянэр Міхаіл: ) “Я, у цэлым, ухваляю дзейнасьць Алега Трусава па абароне беларускай мовы. Але вось выказваньні яго наконт таго, што можна пасябраваць з ворагамі, каб дапамагчы разьвіцьцю беларускай мовы, ня слушныя. І мела рацыю рускамоўная жанчына, якая яго крытыкавала па Радыё Свабода. Калі пасябруеш з ворагам, можаш стаць здраднікам. А здраднік прынясе толькі вялікую шкоду народу. Няўдалая спасылка на Польшчу. Палякі – гэта горды і самалюбівы народ. Яны любяць свабоду і гатовыя ахвяраваць жыцьцём, каб абараніць свой гонар і гонар Радзімы. На жаль, у беларусаў няма такой рысы характару, і многія беларусы сталі падхалімамі і халуямі. Таму нам цяжка жывецца і гіне беларуская мова”.

(Зіноўеў: ) “Добры дзень. А скажыце, калі ласка, адрас Менскага гарсуду…А яшчэ суд павінен запатрабаваць саму справу, а не прысуд Казуліну. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Вось цяпер выступае пра дапамогу хворым і інвалідам. А дзе тая дапамога? Толькі трэплецца як заяц у хмялю, а ніякай дапамогі. Зьвернесься да мэдыцыны, а яна ня хоча нават прызнаваць. Мы, кажуць, ведаем, але нам такі загад ад эліты. Так што простаму чалавеку – гэта дыба. Я вось інвалід, а калі я зьвярнуўся да мэдыкаў, ня хочуць дапамагаць, выпісваюць адны і тыя ж лекі, якія не дапамагаюць. Можа, яны фальшывыя. І вось кажуць, што дапамога ўсім краінам СНД…Я размаўляць не магу, таму што я вельмі хворы, а дапамогі мне няма ніякай. Я страціў 100 тысяч пэнсіі. Пэнсія ў мяне як у простага калгасьніка, нават менш…”

(Спадар: ) “Хачу выказаць сваё меркаваньне. Спадары ці панове дэмакраты, Вы хочаце прыйсьці да ўлады за кошт студэнтаў, школьнікаў? А дзе Вы самі? Бязьдзейнічаеце, чаму не шукаеце Вы сваіх сяброў зьніклых? Найміце шпегаў, у Вас грошы варочаюцца…мільёны…Ці бяз грошай, папрасіце ў Маскве ў праграме “Жди меня,” знойдуць, можа, бо і ў Эўропе, і ў Азіі знаходзяць людзей… А Вы бязьдзейнічаеце, дзяцей падстаўляеце, а потым кажаце, што сядзяць людзі бяз віны вінаватыя, на хуліганства іх падштурхоўваеце, на беспарадкі. Вось якое маё меркаваньне. Хачу пачуць, што Вы скажаце”.

(Васіль Цюхай зь Беразіна: ) “Добры дзень. Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Зімоўскі заявіў, што дзяржаўная тэлевізія не дае наўпроставы эфір апазыцыі, таму што Радыё Свабода таксама не прадастаўляе эфір для прыхільнікаў Лукашэнкі. Гэта, мякка кажучы, хлусьня. Я памятаю, некалькі гадоў таму падчас ці то парлямэнцкіх, ці то яшчэ нейкіх выбараў на “Свабодзе” гучалі 15-хвілінныя прамыя ўключэньні, у якіх удзельнічалі, здаецца, па два кандыдаты: адзін – ад улады, другі – ад апазыцыі. Таксама я абсалютна ўпэўнены, што калі на “Свабоду” зьвернецца Лукашэнка ці любы прадстаўнік улады, ён атрымае наўпроставы эфір. І я абсалютна ўпэўнены, што, калі прадстаўнік апазыцыі зьвернецца на дзяржаўнае радыё ці тэлевізію, ён не атрымае нічога, у лепшым выпадку. І яшчэ Зімоўскі неяк не заўважыў, што Радыё Свабода ня мае ўнутранай рэтрансьляцыі. А калі б нейкая зь мясцовых станцый паспрабавала трансьляваць асобныя перадачы “Свабоды” ці ўсю праграму цалкам, гэтую станцыю адразу зачынілі б. Вось і ўся справядлівасьць па-зімоўску. Калі б дзяржаўнае радыё вяшчала б толькі на кароткіх хвалях зь перашкодамі ды інтэрфэрэнцыямі, то яно б ня мела 5 % насельніцтва ў якасьці слухачоў. А можа, пяць чалавек усяго, і тыя, якія выпадкова настроіліся”.

(Міхаіл: ) “Добры дзень, я хачу адказаць на пытаньне Радыё Свабода. Я лічу, што ў Беларусі павінен быць заробак ня менш, як 1000 даляраў. І яна, пэўна, была б, калі б Лукашэнка не будаваў бібліятэкі па 120 мільёнаў даляраў, не купляў Боінгі па 100 мільёнаў даляраў, не будаваў футбольных манэжаў. І гэты рэальны заробак у нас ужо даўно б быў. Але дыктатар Лукашэнка не дае такой магчымасьці беларускаму народу. Ганьба!”

(Моладзевыя актывісты Партыі БНФ з Бабруйску: ) “Добры вечар. У нас цяпер заміж назвы Velcom і назвы горада, у якім працуе гэтая сетка, пішуць слова “Дажынкі”. І таму мы былі б вельмі ўдзячныя, калі Вы распавялі пра гэта, таму што Дажынкі – гэта ня назва горада. А наш горад называецца “Бабруйск”. І цяпер біяпрыбіральняў у нас няма, уся моладзь ходзіць у двары. Дзякуй вялікі”.

(Ларыса зь Менску: ) “Слухала перадачу “Праскі акцэнт” і даведалася пра артыкул Сівакова, былога генэрала, пра Гітлераўскі кодэкс афіцэра. Ён ухваляе той пэрыяд Айчыннай вайны. Артыкул не чытала. Ёсьць пытаньне: колькі год Сівакову і ці ўдзельнічаў ён у Вялікай Айчыннай вайне. Мяне гэтая перадача ўсхвалявала, і выплыў у памяці пэрыяд Айчыннай вайны. Я перажыла Айчынную вайну. Дзяцінства маё прайшло ў Менску. Бацькі-падпольшчыкі былі арыштаваныя і вывезеныя ў Нямеччыну ў канцлягер. Зь іх зьдзекаваліся, і вярнуліся яны зусім хворымі. Маці ад пабояў пазбавілася слыху, а паранены бацька не атрымліваў мэдычнай дапамогі. Яны пазбавіліся здароўя за калючым дротам, і хутка пасьля свайго вяртаньня памерлі. Вось такая рэальнасьць. І пасьля гэтага слухаць аповеды, што нічога дрэннага не адбывалася! Гэта проста блюзьнерства!”

(Спадар: ) “Я хачу сказаць наконт таго пытаньня, колькі грошай трэба, каб нармальна жыць у Беларусі. Сапраўды, гэтая лічба вельмі мяняецца. І на дадзены момант магу сказаць, што мінімальная сума, якая патрэбна нармальнаму, адзінаму ў сям’і чалавеку, гэта 600 даляраў ЗША. Чаму? Напрыклад, трэба выдаткоўваць на памяшканьне недзе каля 50 даляраў, гэта мінімальна, плюс мабільны тэлефон, плюс розныя там дзьверы мэталічныя, якія ўсталявалі ў пад''езьдзе і гэтак далей. Я думаю, на гэта пойдзе ад 50 да 100 даляраў. Потым 200 даляраў трэба аддаць на тое, каб нешта есьці, іншыя 200 даляраў трэба аддаць, каб нешта апрануць на сябе ці купіць нейкую тэхніку. Гэта асабліва цяпер важна, таму што ў цяперашні час тэхнікі вельмі шмат, і ўсе людзі яе купляюць. І 100 даляраў трэба адкласьці на нешта там такое. Я ўжо не кажу пра тых людзей, якія будуюць сабе кватэры, ім патрэбна значна больш. Вялікі дзякуй. Ваш заўзяты слухач”.

(Грушаў Уладзімер Мікалаевіч з Магілёву: ) “Дабрадзейнасьць на ўзроўні цынізму. Пытаньне: ці можа белае стаць чорным? Мой адказ: можа, калі карыстаецца мэтадамі нашага самавыбранага. Што адбываецца цяпер? Гэта верх цынізму. Чалавек выступае на сходзе злодзеяў, наркаманаў, тэрарыстаў і гэтак далей і з дакладнасьцю наадварот паўтарае дзеяньні ў сваёй краіне. Ён не разумее, што ў сваёй краіне Беларусь бы стала самай моцнай дзяржавай сьвету. І тое, колькі ён да гэтага часу знаходзіцца ва ўладзе, колькі ён ужо стрымлівае разьвіцьцё Беларусі… Чалавек, які зашмат кажа пра шматпалярнасьць, у сябе дома зрабіў аднапалярнасьць. Гэта дзіця ва ўладзе, якое не разумее, што яно робіць. А часам і моцныя сьвету выглядаюць прыдуркамі, і я ня ведаю, як іх можна яшчэ назваць. Уявіце, што калі ўзяць па аднаму чалавеку ад дзяржаў, роўных па моцы, што выходзіць: прэтэнзіі, крыўды, прыніжэньні і гэтак далей. Ці падрыхтаваныя мы да гэтага? Ні зь філязофскага, ні з псыхалягічнага, ні з гістарычнага пункту гледзішча мы не падрыхтаваныя. Вось гэта я і называю “падцягнуць хвасты.” Да гэтага выроўніваньне небясьпечнае. Не прысьпешвайце падзеі. Усё гэта я дакладна і ня бачна для ўсіх спыніў бы”.

(Банкевіч зь Менску: ) “Шаноўныя сябры радыёстанцыі “Свабода.” За апошнія тыдні Вас зусім не чуваць. Напрыклад, сёньня, 18.09.2006, раніцай з 6 да 8 на хвалі 41 м зусім не чуваць. На хвалі 31 м крыху было чутно з 6 да 7. А з 7.00 зноў абсалютна нічога. Прымач у мяне добры, "Вэф 260". Мне скардзяцца сябры, якія маюць горшую тэхніку, на немагчымасьць прыёму “Свабоды”. Трэба тэрмінова набліжаць перадатчыкі бліжэй да межаў Беларусі. Вашае слова вельмі патрэбнае тут у Беларусі. Дзякуй за ўвагу. Падрабязнасьці напішу яшчэ пісьмом”.

(Спадар: ) “У мяне ўзьнікла адно пытаньне. Я так і не зразумеў. Я хацеў бы выказаць салідарнасьць у падтрымку Казуліна, а я ня ведаю, у які суд прыходзіць. Калі магчыма, скіньце лацінкай SMS на нумар 750-33-40. А так, па праўдзе кажучы, на фэсьце, я крыху не чакаў…Перадайце музыкам, што яны іграюць вельмі добры рок. Гадоў дзесяць таму іх чуў, не прызнаў… А цяпер вельмі добра ігралі. Магчыма, гэта дзесяць год працы зрабілі сваё”.
XS
SM
MD
LG