Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслава Сіўчыка засудзілі на 10 сутак


Галіна Абакунчык, Менск Судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Іна Шэйко прысудзіла да 10 сутак адміністрацыйнага арышту Вячаслава Сіўчыка за удзел у несанкцыянаваным мітынгу 22 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы. Вячаслаў Сіўчык і ягоная адвакатка Вера Страмкоўская будуць абскарджваць прысуд у гарадзкім судзе Менску.Вячаслава Сіўчыка даставілі ў суд з турмы на Акрэсьціна, дзе ён знаходзіўся ад 12 верасьня. Палітык распавёў, што сядзеў у перапоўненай камэры №13.

Разгляд справы Вячаслава Сіўчыка адбываўся ў новым будынку суду Цэнтральнага раёну Менску на вуліцы Кірава – раней у ім знаходзіўся Беларускі гуманітарны ліцэя імя Якуба Коласа.

Спадар Сіўчык быў затрыманы у сакавіку ў намётавым лягеры на Плошчы, але са спэцпрымальніка яго даставілі ў шпіталь, бо ён скардзіўся, што быў моцна зьбіты. Пасьля ён знаходзіўся за мяжой, а тым часам 19 траўня судзьдзя Цэнтральнага райсуду Аляксей Бычко прыняў рашэньне аб адміністрацыйным арышце Вячаслава Сіўчыка на 10 сутак.

12 верасьня ён быў затрыманы ў цэнтры Менску і зьмешчаны ў турму на Акрэсьціна. На мінулым тыдні выканаўца абавязкаў старшыні Менскага гарадзкога суду адмяніў рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі, паводле якога Вячаслаў Сіўчык быў пакараны 10-сутачным арыштам, і перадаў справу Вячаслава Сіўчыка іншаму судзьдзі Цэнтральнага раёну, які сёньня вынес гэткі ж прысуд.
XS
SM
MD
LG