Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вярнуць апазыцыянэрам канфіскаваныя грошы?


Іна Студзінская, Менск Сёньня а 10-й раніцы ў Менскім гарадзкім судзе пачнецца разгляд касацыйнай скаргі старшыні выканкаму Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргея Альфэра да мытні Нацыянальнага аэрапорту “Менск-2”. 25 сакавіка ў спадара Альфэра, які вяртаўся з Варшавы, супрацоўнікі мытні канфіскавалі валюту. Падстава – у мытнікаў ўзьнікла падазрэньне, што грошы , бы фальшывыя. Прайшло ўжо амаль паўгады, але грошы дагэтуль не вярнулі.

Месяц таму суд Кастрычніцкага раёну Менску, куды зьвяртаўся спадар Альфер, адмовіў яму вярнуць канфіскаваныя грошы. Тады Сяргею Альф’ру паведамілі, што грошы знаходзяцца на экспэртызе ў КДБ, а не ў мытні, таму зыск да мытні не задаволілі. Як высьветліў пацярпелы (дарэчы, юрыст па адукацыі), КДБ не займаецца вызначэньнем сапраўднасьці грошай, а гэтыя функцыі выконвае Дзяржаўны экспэртна-крыміналістычны цэнтар МУС, у якога ёсьць адпаведнае абсталяваньне. Гаворыць Сяргей Альфэр.

(Альфэр: ) “Быў парушаны закон, калі канфіскавалі нашы грошы. Іх не апячаталі, я не падпісваўся на капэрце, што гэтыя грошы запакаваныя. Невядома ўвогуле, што яны перадавалі ў КДБ – мае грошы ці нейкую падробку. Самае дзіўнае – прайшоў суд, з моманту суду прайшло ўжо больш за месяц, і за гэты час так і не паварушыўся Дзяржаўны мытны камітэт, каб аддаць мне мае грошы”.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ў аэрапорце “Менск-2” канфіскавалі грошы ня толькі ў Альфера. У міжнароднага каардынатара “Хартыі-97” Андрэя Саньнікава, які вяртаўся 26 сакавіка зь Лёндану, забралі 1040 даляраў, 260 эўра і 185 фунтаў стэрлінгаў. 100 эўра канфіскавалі ў віцебскай дэпутаткі Вольгі Карач. Распавядае яшчэ адзін пацярпелы Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “530 эўра і кампутар, які каштуе значна больш – “Тoshiba”, добры кампутар”.

(Карэспандэнтка: ) “А кампутар на якой падставе?”

(Раманчук: ) “Праверка інфармацыі. Каб там не было нейкай інфармацыі, якая можа быць шкоднай для дзяржавы. Гэта таксама такая магутная фармулёўка, па якой можна нават і крымінальную справу завесьці”.

Прайшло ўжо амаль 6 месяцаў, як забралі грошы. Дзе, у якой інстанцыі тыя грошы зараз– у мытнікаў, КДБ, экспэртаў – даведацца не ўдаецца. Я пацікавілася ў начальніка Ўпраўленьня Дзяржаўнага экспэртнага крыміналістычнага цэнтру МУС Ігара Лобача, колькі па часе можа доўжыцца экспэртыза грошай, якія выклікаюць падазрэньне (улічваючы загружанасьць цэнтру і тую акалічнасьць, што ўнікальнае абсталяваньне ёсьць толькі тут).

(Лобач: ) “У прынцыпе, калі не складаная экспэртыза, дзесьці цягам месяца робім”.

Натуральна, лёсам грошай і канфіскаванай аргтэхнікі рэгулярна цікавяцца і самі пацярпелыя. Асаблівага спадзеву, што гэта ўсё будзе вернутае, у Яраслава Раманчука няма.

(Раманчук: ) “Абмежаваньня тэрміну праверкі гэтымі рознымі органамі і грошай, і кампутараў няма. І гэта можа цягнуцца і год, і два, і пяць, таму калі праз 5 гадоў цябе і аддадуць кампутар, гэта будзе такая цацка для дзяцей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG