Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менск плянуе прыляцець новы амбасадар ЗША ў Беларусі


Уладзімер Глод, Менск 18 верасьня рэйсам "Люфтганзы" праз Франкфурт у Менск зьбіраецца прыляцець Кэрын Сьцюарт. Яна стане першай жанчынай-амбасадарам ЗША ў Беларусі. Сэнат зацьвердзіў Кэрын Сцюарт у якасьці амбасадара ЗША ў Беларусі 3 жніўня 2006 году. Да гэтага яна займалася справамі Беларусі, Малдовы ды Ўкраіны ў Дзярждэпартамэнце ЗША.

Для новага амбасадара праца ў Беларусі стане вяртаньнем у гэтую краіну. Справа ў тым, што яна ўжо была супрацоўнікам амбасады ЗША ў Менску. Менавіта адсюль яе і адклікалі ў штат Дзярждэпартамэнту.

Як прызначэньне новага амбасадара можа адбіцца на амэрыкана-беларускіх стасунках? Палітоляг Андрэй Фёдараў адказвае на гэтае пытаньне так:

(Фёдараў: ) "Я думаю, што рэальна ніяк, бо палітыку вызначае не амбасадар, а ўрад альбо кіраўнік краіны. Амбасадар толькі праводзіць гэтую палітыку. Канечне, яе можна праводзіць па-рознаму. І ў гэтым сэнсе можна шкадаваць, што Беларусь пакінуў амбасадар Крол, які, як мне падаецца, быў лепшым з амэрыканскіх прадстаўнікоў тут. Але, наколькі я ведаю, спадарыня Сьцюарт таксама вельмі дасьведчаны чалавек, і, я думаю, ніякіх прынцыповых зьмяненьняў ня будзе".

Дарэчы, новага кіраўніка дыпмісіі ЗША адразу чакаюць актуальныя справы. У чацьвер, 14 верасьня, Часоваму паверанаму ў справах ЗША ў Беларусі Джанатану Муру перадалі ноту пратэсту (амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў накіраваў аналягічны дакумэнт у Дзярждэпартамэнт). Беларускі МЗС лічыць, што амэрыканскі бок не выконвае сваіх абавязкаў ў справе бясьпекі беларускіх грамадзянаў.

У ноце адзначаецца, што цягам апошніх месяцаў адбыліся тры трагічных выпадкі з грамадзянамі Беларусі, якія знаходзіліся ў Амэрыцы ў рамках праграмы "Праца і падарожжа ўлетку". Гэтая праграма падтрымліваецца Дзярждэпартамэнтам. Таму афіцыйны Менск будзе рэкамэндаваць сваім грамадзянам "пазьбягаць удзелу ў гэтай праграме.

Паводле інфармацыі з амбасады ЗША, Кэрын Сьцюарт ня мае намеру праводзіць гутарку з журналістамі і абмяжуецца заявай у аэрапорце. На прэсавую канфэрэнцыю новага кіраўніка дыпмісіі ЗША можна спадзявацца толькі пасьля ўручэньня ёю даверчых лістоў кіраўніку беларускай дзяржавы.

Спадарыня Сьцюарт стала шостым па ліку амбасадарам сваёй краіны ў Беларусі. Да гэтага ў Менску ў той жа якасьці працавалі: Дэвід Суорц, Кенэт Ялавіц, Дэніэл Спэкхард, Майкл Козак і Джордж Крол.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG