Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя гісторыкі – за абвяшчэньне 17 верасьня дзяржаўным сьвятам


Ігар Карней, Менск 17 верасьня 1939 году адбыўся так званы вызвольны паход Чырвонай арміі да заходніх межаў СССР, які завяршыўся далучэньнем да Савецкага Саюзу заходніх Украіны і Беларусі. Нагадаем, да гэтай даты паводле рыскай дамовы 1921 году гэтыя тэрыторыі ўваходзілі ў склад Польшчы. Ацэнка тых падзеяў нават у асяродку гісторыкаў неадназначная: адны “саветызацыю” Заходняй Беларусі называюць актам “кансалідацыі і справядлівасьці”, іншыя – “гістарычнай памылкай”.

Чаму 17 верасьня 1939 году савецкія войскі перайшлі польскую мяжу без афіцыйнага абвяшчэньня вайны? Намесьніка дырэктара НДІ тэорыі і практыкі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Льва Крыштаповіча такое пытаньне не бянтэжыць. Паводле гісторыка, насамрэч вайну не было каму абвяшчаць. Польскі ўрад, кінуўшы народ, зьбег у Вялікую Брытанію. З мэтай не дапусьціць “агрэсіўны фашыстоўскі блёк да межаў савецкай Беларусі” было прынятае рашэньне аб ўвядзеньні сілавога кампанэнту – Чырвонай арміі.

(Крыштаповіч: ) “Адбываліся ўнутрыпалітычныя працэсы народных сходаў, волевыяўленьня народу – зь гледзішча менавіта дэманстрацыі таго, што сапраўды адбылося ўзьяднаньне беларускага народу. І вядомы дзеяч Заходняй Беларусі, наш вялікі пісьменьнік і паэт Максім Танк гаварыў: ніякія рэляцыі, ніякія зводкі, ніякія пазьнейшыя сьведчаньні гісторыкаў ня могуць перадаць таго энтузіязму і той радасьці, зь якімі працоўныя Заходняй Беларусі віталі Чырвоную армію. Гэта сьведчаньне відавочца тых падзеяў”.

Дасьледчык падзеяў пачатку Другой усясьветнай вайны Алег Гардзіенка акцэнтуе ўвагу, перадусім, на тым, што існавала дамова двух дыктатарскіх рэжымаў – савецкага і германскага – на падзел сфэраў палітычнага ўплыву. Аднак ён не аспрэчвае: пэўная частка насельніцтва на заходніх тэрыторыях Беларусі прыход чырвонаармейцаў сапраўды вітала.

(Гардзіенка: ) “Быў нечаканасьцю прыход Саветаў, але і радасьцю адначасна. Таму што палякі настолькі даліся ў знакі сваёй бяздарнай нацыянальнай і сацыяльнай палітыкай у 1920-я гады (а тым больш 1930-я), што многія верылі: нарэшце савецкія таварышы з усходу прынясуць шчасьце. Тым больш, што працавала прапаганда: слухалі маскоўскае і менскае радыё – “як хораша жыць у Савецкім Саюзе”. І некаторыя верылі ў тое, што нарэшце пачнецца новае жыцьцё. Але ўжо празь месяц пайшлі рэпрэсіі і людзі пачалі пакрысе расчароўвацца”.



Дацэнт катэдры гісторыі Беларусі і паліталёгіі Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Іван Палуян кажа, што цяпер існуюць спробы паказаць падзеі верасьня 1939 году “актам агрэсіі і падзелу Рэчы Паспалітай”. Ён жа называе апэрацыю Чырвонай арміі “актам тэрытарыяльна-этнічнага ўзьяднаньня і кансалідацыі рэспублікі”. Пры гэтым, паводле спадара Палуяна, асобныя палітыкі і цэлыя краіны зусім ня супраць правесьці тэрытарыяльную рэвізію.

(Палуян: ) “Мы павінны мець на ўвазе наступнае: калі раней напярэдадні вось гэтых падзеяў, чарговых датаў узьяднаньня Беларусі, распальвалася кампанія пэўнага кірунку польскімі, так бы мовіць, неафіцыйнымі СМІ, то апошнім часам да іх далучаецца афіцыйная Польшча. Справа дайшла нават да таго, што яны пачынаюць нейкі гандаль зь Нямеччынай адносна заходніх частак Беларусі і Ўкраіны”.

Праўда, канкрэтныя факты “гандлю” спадар Палуян не прыводзіць. Замест гэтага абураецца, што памяць чырвонаармейцаў, якія вызвалялі Заходнюю Беларусь, ушанаваная не дастаткова. Палітоляг патрабуе ўзьвесьці манумэнт удзельнікам паходу 17 верасьня, а таксама назваць адпаведным чынам адзін з цэнтральных праспэктаў Менску (праўда, усе праспэкты рашэньнем прэзыдэнта ўжо перайменаваныя). Салідарны з калегам і спадар Крыштаповіч: ён выказаўся за тое, каб абвясьціць 17 верасьня дзяржаўным сьвятам Беларусі – прычым, адным з галоўных.

На афіцыйным узроўні ніякіх мерапрыемстваў у рамках чарговай гадавіны далучэньня Заходняй Беларусі не праводзілася
XS
SM
MD
LG