Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У што я веру": гавораць слухачы “Свабоды”


Ганна Соўсь, Менск Нашы слухачы адгукнуліся на нашую прапанову і праз тэлефанаваньні і пошту дасылаюць свае адказы на пытаньне “У што я веру?”.

Слухачы “Свабоды” пішуць пра тое, у што яны вераць. Іван Паддубны зь Мядзелу верыць у тое, што ўрэшце беларуская мова стане сапраўды дзяржаўнай, вернецца ў школы, дзіцячыя садкі, ВНУ. Ён перакананы, што ў Беларусі будзе створаны нацыянальны ўнівэрсытэт.

Іван Паддубны ўпэўнены, што “мы ня будзем будаваць адзінай дзяржавы з Расейскай Фэдэрацыяй, будзем мець сваю валюту і ня будзем замяняць яе на расейскі рубель. Нас будуць паважаць у сьвеце, і радыё і тэлебачаньне будуць беларускімі”.

На гэтым тыдні слухачка "Свабоды", жыхарка Баранавічаў спадарыня Вольга пакінула на нашым аўтаадказьніку свае разважаньні.

(Вольга: ) “Я веру, што “Слова аб палку Ігаравым” напісана на беларускай зямлі. Такое меркаваньне ў сваёй кніжцы выказаў і Уладзіслаў Сыракомля. Аўтар “Слова” ведаў Дудуткі. І яшчэ адметна, што ня пікавыя, уласьцівыя кантрастнай мэнтальнасьці, а згладжаныя і шчымлівыя пачуцьці блукаюць па гэтым творы. Нават на дне душы складальніка “Слова” адсутнічае ваяўнічасьць і жорсткасьць. Дагэтуль мы, Вялесавы ўнукі, шкадуем жывёлаў, падпарадкоўваемся лёсу. А моцны ды хітры ўладарыць над намі без перашкод”.

“Я веру ў сумленнасьць. Гэтае перакананьне пацьвярджаецца ўсім маім жыцьцёвым досьведам, – піша Міхаіл Сантаровіч-Чыкун з Койданава. “Яшчэ ў дзяцінстве мяне ды маіх двух братоў нашы бацькі навучалі: "Заўсёды будзьце сумленнымі, не здраджвайце гэтаму ні пры якіх абставінах, сумленна вучыцеся, працуйце". Простыя правілы. І як цяжка спраўдзіць гэта ў жыцьці. Павінен быць унутраны стрыжань, перакананьне, вера няўхільна яго прытрымлівацца…”, гэтак разважае Міхаіл Сантаровіч-Чыкун з Койданава.

А вось Уладзімер Крук з Менску верыць у тое, што халодная вада мае лекавыя ўласьцівасьці. Слухач перакананы ў тым, што халодная вада вельмі карысная, яна робіць жанчын прыгожымі, а мужчын моцнымі, толькі патрэбна яе ўмела выкарыстоўваць.

Марыя Корвель з Крэва даслала верш у адказ на пытаньне “У што я веру”.

Якой я веры і ў што веру – Задаюць пытаньне. А я веру ў людзей добрых, Дружбу ды каханьне.

Мае погляды такія: Жыцьцём трэба даражыць, Помніць пра часы былыя І аб будучыні думаць, А цяпер сумленна жыць.

“Я веру ў Бога, я веру Богу. Я малюся за перамены ў нашай краіне, – піша Мікола Ільючык зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну. І працягвае: "і яшчэ я веру ў сьмелых людзей, людзей, якія не зрабіліся прыстасаванцамі, якія не здрадзілі сваім маральным прынцыпам і сумленьню. Я веру ў моладзь, якая не купляецца на БРСМ-аўскія заклікі, якая размаўляе на роднай мове, не баіцца выказваць свой пратэст і ідзе на плошчу. Я веру ў моладзь, якая шукае сваю Плошчу”.

Аляксандар Манахаў зь Ліды ў сваім лісьце цьвердзіць, што ня верыць ні ўва што, і цытуе Фрыдрыха Ніцшэ: “Вера ёсьць нежаданьнем ведаць ісьціну”. Паводле Аляксандра Манахава, жыць трэба, абапіраючыся на розум, вопыт і здаровы сэнс, а не на веру.

А вось жыхар Калінкавічаў Мікола Садкевіч, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы, гэтак акрэсьлівае сваю веру:

(Мікола: ) “Веру ў сваю хрысьціянскую каталіцкую веру. Чытайце апостальскі сымбаль веры – там усё напісана. Веру нашаму Папу Рымскаму – Бэнэдыкту Шаснаццатаму. У палітыцы веру ЗША. Вялікай Брытаніі – веру. Аўстраліі – веру. Канадзе, Японіі – веру. У Нямеччыне веру толькі хрысьціянскім дэмакратам, асабіста Гельмуту Колю. У Польшчы веру толькі людзям з “Салідарнасьці”. А ўсёй Польшчы веру да 1939 году. Веру Турцыі, веру Эстоніі. Веру Латвіі, асабіста пані прэзыдэнту. Веру Літве, асабіста Ландсбэргісу. Веру Скандынавіі. У Расеі веру Алене Бонэр, Канстанціну Баравому, Валерыі Навадворскай, Віктару Шандаровічу. У Ічкерыі веру Ахмэду Закаеву. У Беларусі веру ўсім тым, хто верыць у сапраўдную Беларусь са сваёй мовай, са сваім гербам “Пагоня”, бел-чырвона-белым сьцягам, сваёй гісторыяй і сваёй хрысьціянскай верай, са сваім войскамі паліцыяй, са сваёй мяжой, са сваім імкненьнем у НАТО і Эўропу”.

Верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Гл. таксама: Івонка Сурвіла: “Я веру ў веру” Мікалай Цімафееў: “Веру, усё ў нас будзе добра” Сьвятлана Длатоўская: "Я веру ў сям''ю..." Уладзімер Арлоў: “Веру ў моладзь, а значыць – веру ў Беларусь” Валянціна Трыгубовіч: "Веру ў неацэнную ролю жанчыны" Андрэй Дынько: “Я веру, што Лушнікаў пераменіцца”
XS
SM
MD
LG