Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вілейцы раяць італьянскай сямьі ісьці законным шляхам (фота)


Севярын Квяткоўскі, Вілейка Дзесяцігадовая дзяўчынка Віка, імя якой у італьянскай прэсе хавалі пад псэўданімам Марыя, застаецца ў Італіі. Сям’я Барначын не жадае яе вяртаць у Беларусь, спасылаючыся на словы дзяўчынкі пра псыхічны і фізычны гвалт над ёю ў навучальнай установе. Італьянскі закон на баку беларускага: каб удачарыць дзяўчынку, трэба выканаць неабходныя юрыдычныя працэдуры. Тым часам у самім вілейскім інтэрнаце жарсьці распаляюцца. Многія пэдагогі абураныя абвінавачаньнямі ў гвалце. У Вілейку выправіўся карэспандэнт “Свабоды”.

Я знаходжуся ў Вілейскай школе-інтэрнаце для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі мовы. Дырэктар установы Мікалай Ваўчкоў высьвятляе па тэлефоне, як магло здарыцца, што некаторыя дзяржаўныя мэдыі ранкам 16 верасьня паведамілі пра пасьпяховае вяртаньне дзяўчынкі на радзіму. Але Мікалай Ваўчкоў знаходзіць час, каб паказаць пакойчык дзяўчынкі, і кляс, дзе яна вучыцца. Зь імя маленькай “невяртанкі” зь Італіі ўжо ня робяць сакрэту. На кляснай дошцы вялікімі літарамі напісана: “Віка! Мы цябе чакаем!”.

Дырэктар інтэрнату Мікалай Ваўчкоў задае пытаньне, чаму італьянская сям’я не зрабіла ўсе неабходныя для ўсынаўленьня захады цягам апошніх чатырох гадоў, што Віка езьдзіла да іх. Мікалай Ваўчкоў катэгарычна адкідае ўсе абвінавачаньні ў магчымым гвалце над дзяўчынкай у сьценах інтэрнату. Дырэктар так бачыць сытуацыю:

(Ваўчкоў: ) “Я мяркую, што гэта толькі ад фанатычнай любові да дзяцей італьянскага боку. Гэта ня той крок, які яны былі павінныя зрабіць. Хоць маглі зьвярнуцца ў цэнтар па ўсынаўленьні, і пачаць рэгістраваць дакумэнты”.

Мікалай Ваўчкоў падкрэсьлівае, што ў Італіі цягам апошніх гадоў усынавілі траіх дзяцей зь Вілейкі, а на чацьвёртага цалкам падрыхтаваныя дакумэнты. Таксама Мікалай Ваўчкоў ганарыцца, што за апошнія 10 гадоў у інтэрнаце не было аніводнага выпадку, каб дзеці ўцякалі да бацькоў, альбо сіроты – у "белы сьвет".

Як пэдагогі бачаць магчымую прычыну абвінавачаньняў у гвалце? Тацяна Гальвідзіс гаворыць, што Віка вельмі добра ладзіла ў інтэрнаце зь дзецьмі: сябравала і дапамагала. Магчымую прычыну адмовы вяртацца ў Беларусь выхавацелька тлумачыць наступным чынам:

(Гальвідзіс: ) “У яе вельмі падатлівая псыхіка. У дзяцей заўжды ўзрушаны настрой, калі яны едуць у Італію. Пэўна, ёй вельмі хацелася мець маму-тату, і яна магла трошкі схітрыць. Напэўна, італьянская сям’я ёй нешта паабяцала нешта такое, што яна захацела застацца. Мяркую, ад гэтага яна так зрабіла”.

За сьценамі інтэрнату жыхары Вілейкі мала ведаюць пра здарэньне зь Вікай. А да тых, хто ведае, дайшлі пакуль адно чуткі:

(Хлопец: ) “Кажуць, што ўцякла ў італьянскія горы…”

Аляксей – працаўнік атэлье, што месьціцца насупраць інтэрнату, – мяркуе, што ў трыццацітысячнай Вілейцы ведалі б пра магчымы факт зьдзеку над дзецьмі: вучняў больш за сто восемдзесят, зь іх сотня мае бацькоў, да таго ж у больш як шасьцідзесяці пэдагогаў таксама шмат знаёмых. Аляксей разважае пра італьянскую сям’ю так:

(Аляксей: ) “Калі глядзець юрыдычна, яны парушаюць нейкія нормы. Калі б насамрэч быў зьдзек, я не кажу, што так, як зрабілі італьянцы, нельга. Але я проста ня веру, што тут маглі быць такія зьдзекі”.

Ніхто з маіх суразмоўцаў у інтэрнаце ня цьвердзіў, што падобная ўстанова можа быць лепшай для дзіцёнка за сям’ю: толькі падкрэсьлівалі, што ў спэцыяльнай школе ўсё адбываецца належным чынам. У кожным выпадку, маленькі ложак Вікі ў інтэрнацкім пакоі пакуль застаецца пустым.


Віка, мы цябе чакаем!


Кляс Вікі


У маленькім пакойчыку 6 ложкаў. Ложак Вікі – ля сьценкі


Вілейскі інтэрнат адзін з трох падобных у Беларусі


Адміністрацыйны будынак інтэрнату на вуліцы 17 верасьня
XS
SM
MD
LG