Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: міліцыя забараніла моладзі праводзіць сьвята паветраных зьмеяў


Радыё Свабода, Віцебск Самадзейнае “Сьвята ветру” мелася прайсьці ў ваколіцах Віцебску ўжо 6-ы раз. Гэтая імпрэза зазвычай ня мае абсалютна ніякага палітычнага зьместу – проста аматары вырабляць і запускаць паветраных зьмеяў, папярэдне дамовіўшыся, зьбіраюцца на Касьцюковай гары каля вёскі Альгова ў адзін з пагодных верасьнёўскіх выходных дзён.

Сёньня каля Касьцюковай гары хлопцам і дзяўчатам з паветранымі зьмеямі перагарадзілі дарогу пяцёра міліцыянтаў і дзьве службовыя машыны. Супрацоўнікі міліцыі забаранілі моладзі нават падысьці да прызначанага месца, заявіўшы, што гара, дакладней, узгорак з ваданапорнай вежай на ускрайку вёскі, ёсьць грамадзкім месцам, і што яны мусілі зьвярнуцца па дазвол на запусканьне паветраных зьмеяў да гарадзкіх уладаў.

Тлумачыцца зь міліцыянтамі давялося спадару Аляксандру – маладому выкладчыку адной з віцебскіх навучальных устаноў, які выпадкова апынуўся ў першых шэрагах моладзі, што ішла з аўтобуснага прыпынку.

(Аляксандар: ) “Я прыйшоў, пашпартныя дадзеныя мае запісалі адразу. І міліцыянты нам паведамілі, што мы мусілі зарэгістраваць гэтае мерапрыемства, атрымаць на яго дазвол, прайсьці па розных службах – пажарнай, “хуткае дапамогі”, міліцыі – заплаціць ім, каб яны таксама прысутнічалі на сьвяце. І адразу папярэдзілі, што выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі ёсьць парушэньнем, праверылі нават, што мы нясём. Сказалі, што ўсіх нас забяруць, а потым кожны атрымае пакараньне – па 50 базавых велічыняў. Вакол хадзіў відэаапэратар, здымаў усіх. І ўрэшце нам параілі: “Час вам ужо разыходзіцца”.

Нехта з прысутных выказаў меркаваньне, што сваю ролю ў сёньняшніх падзеях адыграла рашэньне маладых людзей сабрацца менавіта 16-га верасьня – у Дзень салідарнасьці. Або нехта з міліцэйскага кіраўніцтва правёў паралелі паміж “Джынсавым фэстам” у Менску і “Сьвятам ветру” у Віцебску. Так ці інакш, але больш як сотня хлопцаў і дзяўчат мусілі вяртацца на аўтобусны прыпынак.

Чакаючы транспарту, нехта дастаў гітару, нехта пачаў сьпяваць. Але й гэта забаранілі міліцыянты: яны пад''ехалі на прыпынак, пра нешта пагаварылі з кіроўцамі маршрутных таксовак, а потым заявілі, што ў маладых людзей ёсьць альтэрнатыва: або ехаць ў міліцэйскі пастарунак, або пазычаць аднаму ў аднаго грошы на “маршрутку” ды хутчэй разьяжджацца па хатах.

Адным з апошніх ад''яжджаў хлопец у чырвонай майцы з бела-шэрымі палоскамі. Гэтая майка, дарэчы, была адзіным прадметам, які сёньня ў нейкай ступені мог выклікаць асацыяцыі з забароненай нацыянальнай сымболікай.

“Сьвята ветру” мела адбыцца ў шосты раз, і дагэтуль яно заўсёды праходзіла без перашкодаў – ніколі раней міліцыянты не лічылі шкодным або небясьпечным запусканьне паветраных зьмеяў.
XS
SM
MD
LG