Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пачаўся канцэрт на плошчы Бангалёр, колькасьць удзельнікаў расьце


Любоў Лунёва, Менск А 16-й гадзіне на канцэртнай пляцоўцы, што ў парку Дружбы народаў на плошчы Бангалёр, было каля 2 тысяч чалавек, але на гэты момант людзі падыходзяць калёнамі па 200, па 300 чалавек. Арганізатары спадзяюцца, што праз гадзіну, недзе а 5-й вечара, тут будзе каля дзясятка тысячаў чалавек.

Рэч у тым, што, як мяркуюць арганізатары, супрацоўнікі міліцыі зрабілі адпаведныя захады, каб паменшыць колькасьць удзельнікаў акцыі. Нагадаю, што ўчора ўвечары пачаліся выклікі ў пракуратуру й міліцыю актывістаў незарэгістраваных арганізацый, такіх як "Малады фронт", а сёньня раніцай у рэгіёнах – Жодзіне, Маладэчне і інш. – участковыя міліцыянты абышлі тых людзей, якія ў часе выбарчай кампаніі трапілі ў так званыя чорныя сьпісы, і папярэдзілі іх, каб яны ня ехалі ў Менск.

У Салігорску супрацоўнікі міліцыі адвезьлі ў пастарунак бацьку сябра незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Івана Шылы. Міліцыянты патлумачылі, што ім трэба папросту паразмаўляць зь ім, і адвезьлі яго менавіта а 2-й гадзіне, калі той сядаў у машыну, каб зьехаць са сваімі сынамі ў Менск.

Не абышлося без затрыманьняў і ў самім Менску. Спачатку супрацоўнікі міліцыі ў цывільным затрымалі некалькі чалавек, якія былі апранутыя ў майкі з лягатыпам "Джынсавы фэст – 16" і адвялі іх ў пастарунак міліцыі Савецкага райаддзелу.

Літаральна напярэдадні самой акцыі каля "Макдональдсу", што насупраць плошчы Бангалёр, трое міліцыянтаў спрабавалі затрымаць аднаго хлопца. за яго заступіліся яго паплечнікі, адбылося штосьці накшталт бойкі, міліцыянты хлопца ўсё ж такі выпусьцілі – фактычна, яго адбілі. Але торба засталася ў міліцыянтаў. Хлопец патлумачыў, што там ляжалі банданы з выявай сьцягу Эўразьвязу.

Асноўная маса ўдзельнікаў акцыі – гэта моладзь, але мы ўжо заўважылі тут выканаўцу абавязкаў амбасадара ЗША Джонатана Мура, а таксама супрацоўнікаў амбасады Швэцыі і Нямеччыны. На плошчы няма бел-чырвона-белых сьцягоў, але каля 20 сініх, сьцягі Эўразьвязу, а таксама сьцягі з гербам Менску.

17:35

На гэты момант у парку недзе каля трох тысячаў чалавек, шмат моладзі сядзіць на траве – яны назіраюць за тым, што тут адбываецца. Увесь час ідуць нейкія затрыманьні. У міліцэйскім аўтобусе сядзіць 12-гадовы хлопчык, які раздаваў газэту "Выбар" – яго дагэтуль не выпускаюць і трымаюць ужо недзе 40 хвілінаў. Усе чакаюць выступу А.Мілінкевіча.
XS
SM
MD
LG