Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-гандляры ставяцца да новага парадку насьцярожана


Міхал Стэльмак, Менск Урад выдаў пастанову пра розьнічны гандаль з выкарыстаньнем Інтэрнэту. Дакумэнт абавязвае фірмы й індывідуальных прадпрымальнікаў рэгістраваць сайты ў беларускай прасторы сеціва.

Ініцыятарам урадавай пастановы зьяўляецца Міністэрства гандлю. Яго не задавальнялі парадкі, што склаліся ў Беларусі апошнім часам з інтэрнэт-гандлем. Як патлумачыла начальнік упраўленьня арганізацыі гандлю й паслуг міністэрства Людміла Петракоўская, новы дакумэнт выпраўляе недахопы:

(Петракоўская: ) “Сутнасьць гэтага дакумэнта ў тым, каб ведаць, хто ажыцьцяўляе гэтую дзейнасьць. Вельмі шмат скаргаў ідзе ад спажыўцоў, калі яны ня могуць знайсьці, хто прадаў, як прадаў. Пытаньні ўзьнікаюць па якасьці тавараў. У ліцэнзіі будзе ўказвацца імя сайту і наагул дадзена тлумачэньне, што такое інтэрнэт-крама”.

Інтэрнэт-гандляры ня згодныя зь міністэрствам. Яны сьцьвярджаюць, што сеціва выкарыстоўваюць сумленна. Напрыклад, спадар Віктар гандлюе праз інтэрнэт тэлевізарамі:

(Віктар: ) “Гэта інтэрнэт-вітрына. Людзі глядзяць, потым прыяжджаюць, купляюць. Якое тут махлярства? Tut.by дае пляцоўку. Там крамаў шмат. Каб там адкрыта глядзелі ліцэнзіі і ўсё астатняе. Там усё ёсьць і там плацяцца ўсе падаткі. Махлярства тут няма”.

У пастанове зазначана, што інтэрнэт-сайт гандляра павінен мясьціцца на сэрвэры, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Апроч таго, дакумэнт абавязвае фірмы й індывідуальных прадпрымальнікаў рэгістраваць даменнае імя ў беларускім сэгмэнце сеціва. Гэтая рэгістрацыя мусіць быць пацьверджана дакумэнтам, які выдае Дзяржаўны цэнтар бясьпекі інфармацыі пры прэзыдэнце краіны. Спадар Яраслаў, які гандлюе праз інтэрнэт бытавой тэхнікай, адрэагаваў на інавацыю такім чынам:

(Яраслаў: ) “Гэта дадатковае спагнаньне грошай. Трэба ж будзе зарэгістраваць даменнае імя і г.д. Гэта ж усё каштуе грошай. Як заўжды каштавала ліцэнзія. То бок чалавек пойдзе рэгістравацца. Ён прынясе пасьведчаньне пра рэгістрацыю, ліцэнзію на розьнічны гандаль. Гэта ж трэба будзе сабраць. І за кожную паперку трэба будзе заплаціць. Плюс за даменнае імя”.

А вось як пракамэнтаваў дакумэнт юрыст-прадпрымальнік Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “Зразумела, даменнае імя у так званай зоне by – гэта беларускі нацыянальны дамен – каштуе даволі дорага. Яно каштуе недзе каля 100 даляраў на год. Яшчэ трэба дадаць, што розьнічны гандаль на Беларусі наагул вельмі зарэгуляваны”.
XS
SM
MD
LG