Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: які месячны заробак задаволіў бы вашыя патрэбы?


Галіна Абакунчык, Менск Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Спадар: ) “Мільён беларускіх рублёў хаця бы. Чым больш, тым лепш. Можна было б і больш, бо жыцьцё дарагое вельмі”.

(Спадарыня: ) “На траіх патрэбна, прыкладна, мільёны паўтары. Гэта мінімум, без садавіны й сокаў”.

(Спадар: ) “Калі ў даляравым эквіваленце, то 400-500 у сярэднім. Праўда, гэтага ня хопіць на паездкі за мяжу, куды хацелася б. І кватэру за гэтыя грошы таксама не набудзеш”.

(Карэспандэнтка: ) “Які месячны заробак мог бы задаволіць вашыя патрэбы?”

(Юначка: ) “Гледзячы на тое, дзе чалавек жыве: у горадзе ці ў вёсцы. Калі ў горадзе, то прыкладна 800 тысяч на аднаго чалавека. Але, калі сям’я і муж зарабляе 800 тысяч, а жонка 500, то гэтага цалкам дастаткова”.

(Юнак: ) “Ведаеце, мне здаецца, што тут добра жыць, калі ў вас няма амбіцыяў. Тут, у Беларусі, вельмі слаба разьвіты бізнэс. І калі чалавек імкнецца мець свой бізнэс, то і тысяча даляраў – гэта ня грошы. А для сярэднестатыстычнага жыхара, я думаю, 500 даляраў будзе дастаткова”.

(Спадарыня: ) “Ой, ня ведаю, ну хаця б мільён беларускіх “зайцаў”, каб патрэбы задаволіць. У мяне яшчэ двое дзяцей вучыцца, вось чаму я кажу мільён хаця б. Дык можа выкруцілася б лепш. А так – ні ў адпачынак не хаджу, нічога – усё кампэнсацыі бяру. Што гэта за жыцьцё?”

(Карэспандэнтка: ) “Які месячны заробак мог бы задаволіць вашыя патрэбы?”

(Спадар: ) “Каля мільёну грошай, беларускіх хаця б. Патрэбна харчавацца, апранацца – усё патрэбна”.

(Юнак: ) “Канечне, у горадзе заробак лепшы. А мы вось зь вёскі, і нашыя бацькі атрымоўваюць нашмат менш грошай, бо ў калгасах мізэрныя заробкі. І калі б не было хатняй гаспадаркі, то, ведаеце, не хапала б нават на самае неабходнае, на харчаваньне. А калі маем свой агарод, выгадуем кабанчыка, малако здадзім у калгас, то нешта з гэтага атрымоўваем. Гэтак і жывём”.

(Юначка: ) “Цяпер на сям’ю з трох чалавек штомесяц сыходзіць тысячу амэрыканскіх даляраў. І таму можна рабіць выснову, што плаціць трэба каля тысячы толькі аднаму чалавеку”.
XS
SM
MD
LG