Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Цімафея Дранчука рэзка пагоршыўся зрок


Алег Грузьдзіловіч, Менск Цімафея Дранчука зноў зьмясьцілі ў перанаселеную турэмную камэру. Суд над сынам Івана Крука, праваабаронцы з Астраўца, адкладзены. Паўла Севярынца і Артура Фінькевіча дапыталі сьледчыя ў справе супроць актывістаў “Маладога фронту”. Аляксандр Казулін рыхтуецца да разгляду сваёй справы ў касацыйнай судовай інстанцыі.

На мінулым тыдні Менскі гарадзкі суд паставіў кропку ў справе актывістаў “Партнэрства” Мікалая Астрэйкі і Цімафея Дранчука. Нагадаю, лідэр “Партнэрства” Мікалай Астрэйка быў асуджаны да 2 гадоў зьняволеньня, ягоны калега Цімафей Дранчук атрымаў год калёніі. 15 верасьня Менскі гарадзкі суд разглядаў іх касацыйную скаргу і пакінуў прысуд бязь зьменаў.

Як і працэс у Цэнтральным судзе Менска, гэты працэс таксама праходзіў за закрытымі дзьвярыма. Разгляд скаргі актывістаў “Партнэрства” доўжыўся болей за гадзіну, паведамілі адвакаты. Цяпер, паводле зьвестак Валера Дранчука, ягоны сын чакае, калі яго павязуць у адну зь беларускіх калёній. А напярэдадні суду Цімафея Дранчука зноў зьмясьцілі ў камэру, у якой знаходзілася болей за 20 вязьняў.

(Дранчук: ) “Вялікая перанаселенасьць у гэтай камэры. Там няма сьвежага паветра, вельмі дрэннае сьвятло. Цімафей піша пра пагаршэньне зроку. Ён ня скардзіцца, а проста канстатуе. Такая ўмова нашага ліставаньня – усё паведамляць, як ёсьць”.

Валер Дранчук паведаміў, што яго сын, як і Мікалай Астрэйка будзе абскарджваць прысуд цяпер ужо ў Вярхоўным судзе Беларусі. Рашэньне судзьдзяў Менскага гарадзкога суду бацька актывіста “Партнэрства” ня лічыць самастойным. “Яны паслухмяна выканалі загад зьверху”, – мяркуе Валер Дранчук.

Тыдзень прынёс навіну пра завядзеньне яшчэ адной крымінальнай справы, падобнай на справу “Партнэрства”. Цяпер у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі пракуратура падазрае актывістаў “Маладога фронту”. 13 верасьня ў Магілёве быў затрыманы лідэр гэтай незарэгістраванай арганізацыі Зьміцер Дашкевіч. Праз дзень Дашкевіча адвезьлі ў менскі сьледчы ізалятар, дзе ён цяпер чакае вылучэньня абвінавачаньня.

А паводле справы “Партнэрства” па ўсёй краіне ідуць допыты актывістаў: у Магілёве дапыталі Артура Фінькевіча і яшчэ некалькіх маладзёнаў, у Полацкім раёне сьледчы сустрэўся з Паўлам Севярынцам, які адбывае “хімію” ў вёсцы Малое Сітна.

З Глыбоцкай турмы прыйшоў на волю ліст ад праваабаронцы, актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Івана Крука, які адбывае паўгадовы арышт, паводле суду, за ўжываньне сілы супроць міліцыянта. Нагадаю, Іван Крук быў актывістам перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча ў райцэнтры Астравец. Спадар Крук лічыць, што справу супроць яго сфабрыкавалі менавіта з гэтай прычыны.

Таксама праваабаронца нагадаў пра справу, якая была заведзеная супроць ягонага непаўнагадовага сына Аляксандра. Як лічыць Іван Крук, міліцыя зрабіла гэта, каб запужаць усю ягоную сям’ю. Суд над Аляксандрам Круком мусіў адбыцца 12 верасьня, але, як паведамілі з Астраўца, паседжаньне не адбылося з прычыны незьяўленьня пацярпелых.

У міліцыі Астраўца, куды я датэлефанаваўся, адмовіліся камэнтаваць заявы Івана Крука адносна крымінальнай справы супроць яго сына.

Аляксандр Казулін рыхтуецца да разгляду ў Менскім гарадзкім судзе касацыйнай скаргі на прысуд, які яму вынес судзьдзя Аляксей Рыбакоў з Маскоўскага райсуду. Разгляд скаргі адбудзецца 19 верасьня. Аднак, паводле адваката Ігара Рынкевіча, палітык Казулін у гэтай сытуацыі перамагае чалавека Казуліна.

(Рынкевіч: ) “Ён зьвяртае ўвагу на тое, што 19-20 верасьня ў краіне будзе мяняцца сытуацыя адносна легітымнасьці дзеючага прэзыдэнта. Гэта яго хвалюе нават больш, чым абарона сваёй асобы”.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін ужо неаднаразова казаў пра тое, што пасьля 20 верасьня, паводле ягонага меркаваньня, Аляксандр Лукашэнка мусіць скласьці паўнамоцтвы прэзыдэнта, паколькі на трэці тэрмін быў абраны незаконна.
XS
SM
MD
LG