Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты. Калекцыя тыдня (09.09-15.09.2006)


Радыё Свабода Самыя яскравыя выказваньні герояў нашых перадачаў, што прагучалі на нашых хвалях на гэтым тыдні, словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.

“Гэтая ўзнагарода даецца за свабоду думак, а ў цяперашняй Беларусі якраз вольныя толькі думкі”.

Дэпутат Эўрапарлямэнту Ганна Фольтын-Кубіцка – падчас вылучэньня кандыдатуры Аляксандра Мілінкевіча на прэмію імя Андрэя Сахарава.

“Цікавым, я думаю, будзе для многіх кодэкс гонару афіцэра, напісаны Адольфам Гітлерам. Пры ўсёй адыёзнасьці гэтай асобы над многімі пастулятамі ёсьць сэнс задумацца”.

З артыкулу былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова ў часопісе «Спэцназ».

“Я што там пішу, што трэба кіравацца кодэксам Гітлера, ці што? Я там прывожу і Суворава, і Пятра Першага, і Гітлера, а потым фармулюю з усяго гэтага тое, што лічу актуальным. Разумееце, кожны бачыць тое, што хоча бачыць. І кожны чуе тое, што хоча чуць. Хто адмаўляе, што Гітлер стварыў моцную армію? Вы што, гэта адмаўляеце?”

Юры Сівакоў – у інтэрвію Радыё «Свабода» пра свой артыкул у часопісе Спэцназ».

“Гэта, канечне, дапаможа, бо літаратура ў нас нарэшце зноў стане дзяржаўнай справай. Гэта была ініцыятыва ўсіх здаровых сілаў у грамадзтве”.

Намесьнік старшыні Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Анатоль Аўруцін – пра ўказ аб дзяржаўным фінансаваньні гэта саюзу.

“Гэты працэс нагадвае тое, што адбывалася ў 1968 годзе ў Францыі. Менавіта тады стала зразумела, што ня моладзь павінна ісьці за старэйшым пакаленьнем, а часам — наадварот”.

Рэжысэр Юры Хашчавацкі – пра свой новы фільм «Плошча Каліноўскага, прысьвечаны падзеям у Менску 19-25 сакавіка 2006 году.

“Афіцыйна – не. Ну дык у нас і апазыцыі няма афіцыйна!”

Адказ гарадзенскага маладзёна на пытаньне «Ці ёсьць у беларускай арміі «дзедаўшчына»?».

“Канешне існуе! Ды зь ёй ніхто ня будзе змагацца. Яе ня будзе – парадку ня будзе!”

Адказ гарадзенца на пытаньне «Ці ёсьць у беларускай арміі «дзедаўшчына»?».

“Джордж Буш пакінуў у мяне ўражаньне разумнага чалавека, у якога вельмі добрае пачуцьцё гумару”.

Сьвятлана Завадзкая падчас онлайн канфэрэнцыі на сайце svaboda.org – пра свае ўражаньні ад сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША.

“Чым выкліканыя зьмены? Жыцьцё ідзе, мяняецца. Вы ж праграму навінаў глядзіце? Неабходнасьцю выкліканыя”.

Тацяна Бондар, прэсавая сакратарка міністэрства юстыцыі – у адказ на пытаньне, чым выкліканыя зьмены ў заканадаўстве аб барацьбе з тэрарызмам.

“Ягоны трэці тэрмін незаконны, другі заканчваецца 20 верасьня, і таму з 21 верасьня ў нас няма прэзыдэнта. І я зьвяртаюся да Сяргея Сідорскага з напамінам, што ён абавязаны ў адпаведнасьці з законам і Канстытуцыяй узяць абавязкі кіраўніка дзяржавы на сябе”.

Меркаваньне акадэміка Аляксандра Вайтовіча аб нелегітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі як прэзыдэнта Беларусі.

“Разбурэньні ў Югаславіі, на Балканах вайна і шмат іншых працэсаў сталі магчымымі, груба кажучы, таму, што няма Савецкага Саюзу”.

Аляксандар Лукашэнка – у інтэрвію для стужкі “Союз нерушимый”, якую стварае расейскі тэлеканал НТВ.

“Дзе дазваляюць лёгіка і суразмоўца, праграмы будуць выходзіць на беларускай мове”.

Генэральны прадусар тэлеканалу “Лад” Сяргей Кухто – аб моўнай палітыцы каналу.

“Натуральна, што мы не прымаем ніякіх ультыматумаў: маўляў, будзем у вас выступаць толькі тады, калі вы дасьце нам прамы эфір”.

Кіраўнік Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі – аб магчымасьці допуску ў эфір апанэнтаў цяперашніх уладаў.

“Я дачакаюся свайго сына, але хай Гасподзь пакарае іх усіх! Я не дарую ім нікому! Ніколі! Нікому!”

Яўгенія Астрэйка – пасьля ўступленьня ў моц прысуду адносна яе сына, сябра незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Міколы Астрэйкі, які быў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі.
XS
SM
MD
LG