Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнцкая праграма “Праца і падарожжа летам” закрываецца?


Радыё Свабода Беларускае Міністэрства замежных справаў уручыла ноту Часоваму паверанаму ў справах ЗША ў Беларусі Джонатану Муру. МЗС ацэньвае ўмовы знаходжаньня беларускіх студэнтаў у ЗША ў рамках праграмы “Праца і падарожжа летам” як “экстрэмальныя і абсалютна непрымальныя”. Беларускі бок заявіў, што будзе рэкамэндаваць студэнтам пазьбягаць удзелу ў згаданай праграме.

Выезд беларускіх студэнтаў на працу ў ЗША арганізоўваюць дзьве фірмы, якія атрымалі ліцэнзію дэпартамэнту грамадзянства й міграцыі беларускага Міністэрства ўнутраных справаў. Гэта Цэнтар моладзевых вандровак і “Стартрэвэл”. Гэтыя фірмы вядуць справаздачнасьць перад Міністэрствам адукацыі і беларускім дэпартамэнтам міграцыі.

У ноце, накіраванай амэрыканскаму боку, гаворыцца пра тры трагічныя выпадкі, зьвязаныя зь беларускімі студэнтамі ў ЗША. Паводле прадстаўніцы беларускага МЗС, за апошнія тры месяцы гэта два забойствы й адно рабаўніцтва. Апошняе забойства адбылося некалькі дзён таму. Падрабязнасьцяў гэтых інцыдэнтаў пакуль не падаюць. Але вядома, што ў чэрвені ў штаце Mэн загінуў 20-гадовы студэнт зь Беларусі, які працаваў у ЗША прадаўцом, пражываў у пансіёне для іншаземных рабочых. Яшчэ пра адзін выпадак распавёў начальнік управы зьнешняй працоўнай міграцыі МУС Беларусі Сяргей Матус:

(Матус: ) “Рэч у тым, што гэтыя студэнты… Адна зь іх засталася там даўжэй меркаванага тэрміну. Яна павінна была вярнуцца сюды згодна з дамовай, якую падпісала 31 жніўня. Яна прыняла самастойна рашэньне — застацца, патэлефанавала бацькам і потым праз пару тыдняў зь ёй адбыўся гэты трагічны выпадак. Разьбіраецца амэрыканскі бок”.

Спадар Матус заявіў, што фірмы цалкам выканалі беларускае заканадаўства. За апошнія восем месяцаў на працу за мяжу зь Беларусі выехала больш за пяць тысяч чалавек, сярод іх студэнты. На працу ў Расею накіроўвае БРСМ, яшчэ адна фірма працаўладкоўвае ў Вялікабрытанію.

(Матус: ) “Магчыма, мы ў прафіляктычным пляне цяпер будзем больш праз гэтыя фірмы і непасрэдна працаваць са студэнтамі й казаць, што там не зусім бясьпечна. Мы можам даць ім такую настойлівую рэкамэндацыю, каб яны перапрафіляваліся на тыя краіны, зь якімі ў нас менш праблемаў. А са Злучанымі Штатамі трэба працаваць неяк больш выбарачна, шукаць больш надзейных партнэраў і спакайнейшыя месцы”.

У фірмах пакуль сытуацыю ніяк не камэнтуюць. Прадстаўніца “Стартрэвэл” сказала, што з панядзелка студэнтам можна прыяжджаць па дамовы для працы ў ЗША на наступны год.

(Прадстаўніца: ) “Розныя сытуацыі здараюцца і тут у Беларусі. Мне здаецца, усё залежыць ад самаго чалавека. Я не скажу, што ў Штатах небясьпечней, чым у Беларусі ці ў нейкай іншай краіне”.

Студэнтка зь Менску Вольга Марозава двойчы езьдзіла працаваць у ЗША.

(Марозава: ) “Нічога такога небясьпечнага я там не заўважыла. Мае бацькі ніколі не былі супраць. Я працавала ўжо два гады ў ЗША, і мне вельмі падабаецца, і працаваць там можна таксама цудоўна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG