Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь мае найгоршыя паказчыкі паводле Усясьветнага банку


Радыё Свабода, Прага Усясьветны банк апублікаваў дасьледаваньне якасьці дзяржаўнага кіраваньня ў 213 краінах сьвету цягам апошніх 10 гадоў. У пяці з шасьці катэгорыяў, па якіх рабіліся ацэнкі, Беларусь у апошнія гады мае адны з найгоршых паказчыкаў.

Дасьледаваньні рабіліся ў 1996-м, 98-м, 2000-м і штогод ад 2002-га да 2005-га году на падставе інфармацыі 25 розных арганізацый. Найгоршыя паказчыкі Беларусі ў сфэры кантролю грамадзян за дзяржаўнай ўладай – горшыя адзнакі атрымалі толькі Бірма, Куба, Лібія, Паўночная Карэя, Туркмэністан, Узбэкістан ды Экватарыяльная Гвінея.

У трох катэгорыях -- "вяршэнства закону", "якасьць рэгуляваньня" і "эфэктыўнасьць ураду" -- горшыя паказчыкі, чым Беларусь, мае толькі шэраг афрыканскіх краінаў, а таксама Аўганістан, Тукмэністан ды Ўзбэкістан.

Найлепшыя паказчыкі Беларусь мае ў катэгорыі "палітычная стабільнасьць". Нават у гэтай катэгорыі яна ў другой сотні краінаў, значна саступаючы такім суседзям, як Латвія, Літва ці Эстонія, аднак апярэджваючы Расею і Ўкраіну. А вось ў катэгорыі "кантролю за карупцыяй" паказчыкі Беларусі зноўку сярод найгоршых і яна саступае ўсім суседзям.
XS
SM
MD
LG