Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэалізуюцца лідэрскія амбіцыі Лукашэнкі ў Гаване?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Гаване, дзе праходзіць 14-я канфэрэнцыя кіраўнікоў дзяржаў і урадаў Руху недалучэньня, першы з двух так званых прэзыдэнцкіх дзён. На фінішы форуму слова атрымліваюць кіраўнікі дзяржаваў і урадаў. Сярод іх і Аляксандар Лукашэнка — кіраўнік адзінай эўрапейскай краіны, што уваходзіць у гэты Рух.

Паведамленьні з Гаваны сьведчаць: прадстаўнікі Беларусі паводзяць сябе тут надзвычай актыўна. Прыкладам, Аляксандар Лукашэнка выступае на форуме, як мінімум, двойчы — ад эўрапейскага рэгіёну і як кіраўнік Беларусі. Гэта стала магчыма яшчэ і таму, што са 116 першых асобаў, якіх чакалі ў Гаване, сюды даляцела толькі палова. Згодна з афіцыйным рэглямэнтам, спадар Лукашэнка сёньня выступае дзевятым — адразу пасьля кіраўніка Ірану. Да таго ж спадар Лукашэнка плянуе двухбаковыя сустрэчы. Сярод яго суразмоўцаў называюць і прэзыдэнта Ірану Ахмадзінэджада.

Міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў, які зьявіўся на форуме на тры дні раней за галоўную дэлегацыю, таксама шукае разнастайных кантактаў. Такая высокая актыўнасьць сьведчыць (і гэта, дарэчы, афіцыйна прызнаюць у адміністрацыі прэзыдэнта), пра тое, што (цытую) “Беларусь уваходзіць у лік найбольш актыўных удзельнікаў Руху недалучэньня”.

Гэта, а таксама публічныя абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі весьці размову на саміце аб ператварэньні Руху недалучэньня ў надзвычай моцную арганізацыю, зь якой мусіў бы лічыцца увесь сьвет, даюць падставу палітолягам разважаць над пытаньнем: ці можа Беларусь узначаліць гэты Рух?

Гаворыць старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства, палітоляг Ігар Лялькоў:

(Лялькоў: ) “Кіраўнік беларускай дзяржавы мае пэўныя амбіцыі адыгрываць ролю лідэра ў розных арганізацыях, там, дзе такая магчымасьць для яго зьяўляецца. Аднак, мне здаецца, менавіта, што датычыцца Руху недалучэньня, дык гэта вельмі вялікая арганізацыя. І там ня толькі Беларусь мае падобныя амбіцыі. Сапраўдная вага Беларусі ў сьвеце не настолькі вялікая, каб іншыя краіны маглі б дазволіць выйсьці на лідэрскую ролю менавіта Беларусі”.

Восеньню 1998 году Беларусь стала сябрам Руху недалучэньня, які быў створаны ў 1961-м. Гэта, як мы ужо адзначалі, адзіная эўрапейскай краіна, што уваходзіць у Рух. Многія палітолягі мяркуюць, што сяброўства Беларусі ў Руху патрэбнае кіраўніцтву краіны — каб паказаць, што афіцыйны Менск не знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі.
XS
SM
MD
LG