Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ заклікае палітыкаў паводзіць сябе “карэктна” (фота)


Ігар Карней, Лагойск На тле прывабных краявідаў Лагойшчыны кіраўніцтва Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі апавяла пра пляны на новы вяшчальны сэзон. На базе гарналыжнага комплексу “Лагойск” журналістам давялі палітычныя й моўныя прыярытэты беларускіх каналаў.

Згодна з канцэпцыяй вяшчаньня, галоўны тэлеканал, які неўзабаве будзе пазначацца як “Першы” і назва якога будзе ў колерах цяперашняй дзяржаўнай сымболікі, сваіх прыярытэтаў не зьмяняе. Асноўная задача —“апэратыўнае і аб’ектыўнае інфармаваньне гледачоў пра асноўныя падзеі ў палітычным, сацыяльна-эканамічным, культурным жыцьці краіны й сьвету”.

У кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага я пацікавіўся, ці могуць разьлічваць прадстаўнікі палітычных партыяў і рухаў, якія пазыцыянуюць сябе як апанэнты ўладаў, што і іх будуць далучаць да дыскусіяў пра лёс краіны, у тым ліку ў простым эфіры? Ці досьведу перадвыбарнага выступу Аляксандра Казуліна хапіла, каб адмовіцца ад такіх экспэрымэнтаў?

(Зімоўскі: ) “Што да Казуліна, то там былі пэўныя абставіны: у ягоным выступе ўтрымліваліся недаказаныя й нематываваныя абвінавачаньні ў крымінальных злачынствах пэўных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. І, як старшыня Белтэлерадыёкампаніі, я меў права і быў абавязаны не дапусьціць гэтага зьяўленьня ў эфіры. І я не дапусьціў”.

(Карэспандэнт: ) “А што да іншых прадстаўнікоў апазыцыі?”

(Зімоўскі: ) “Вы перад гэтым тонка падмецілі: ці будуць запрашацца прадстаўнікі партыяў-апанэнтаў, недзяржаўных арганізацыяў і прадстаўнікоў трэцяга сэктару ў прамы эфір… Мы выбіраем самі форму запрашэньня любога ўдзельніка: ці просты гэта эфір, запіс, тэлефанаваньне ў студыю, удзел у інтэрнэт-канфэрэнцыі. Натуральна, што мы не прымаем ніякіх ультыматумаў: маўляў, будзем выступаць толькі тады, калі вы дасьцё нам просты эфір… Наколькі я памятаю, станцыя, якую вы прадстаўляеце, працуе ў такім жа рэжыме. Таму заклікаю ўсіх удзельнікаў працэсу паводзіць сябе карэктна: палітычных дзеячаў, прадстаўнікоў НДА”.

Нічога істотнага не чакаецца і ў моўнай палітыцы тэлебачаньня. Хоць кіраўніцтва БТ і заяўляе, што выбар мовы залежыць, перадусім, ад журналіста ці вядучага, мэтанакіраванай беларусізацыі тэлеканалаў ня будзе. Тое ж тычыцца і каналу “Лад”, які ад пачатку задумваўся як культуралягічны. Гаворыць генэральны прадусар “Ладу” Сяргей Кухто:

(Кухто: ) “Дзе дазваляюць лёгіка і суразмоўца, праграмы будуць выходзіць на беларускай мове. Але ў нашай краіне ўсё ж размаўляюць пераважна па-расейску, і вельмі часта беларускамоўныя праграмы церпяць, калі ў госьці прыходзіць расейскамоўны герой і канцэпцыя праграмы пачынае кульгаць”.

Агульную пазыцыю датычна моваў вяшчаньня ўдакладніў Аляксандар Зімоўскі:

(Зімоўскі: ) “Што да агульнай прысутнасьці мовы ў эфіры нацыянальных тэлеканалаў і нацыянальнага радыё (дазволю сабе абагульніць крыху шырэй) — ніякіх прапарцыйных рашэньняў няма. У нас у краіне дзяржаўна гарантаванае дзьвюхмоўе. І мы імкнуліся б, каб праграмы ўласнай вытворчасьці, асабліва праграмы, якія мы робім дзеля таго, каб захоўваць культурную спадчыну, традыцыі й гэтак далей, выходзілі па-беларуску”.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі фунікулёрам усіх паднялі на стартавую пляцоўку гарналыжнікаў, дзе, абяцалі, чакае сюрпрыз. Зрэшты, яшчэ дарогай чуліся гучныя бубны “забароненай” каманды “Drum Ecstasy”. Чаму раптам іх паклікалі на сьвята дзяржаўнага тэлебачаньня — музыкі самі ня ведаюць. Аднак кажуць, што іх адмыслова шукалі.













Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG