Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Магільнянская ячэйка ЛКСМБ, Вузьдзенскага райёну, паставіла спэктакль у карысьць ангельскіх бастуючых гарнякоў” (1926)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 15 верасьня розных гадоў.

“Звязда”, 1926 год. Пра збор грошай для ангельскіх шахтараў:

“Калектыў супрацоўнікаў Белсельсовету і менскага малочнага таварыства пастанавіў адзіначасна адлічыць у фонд дапамогі ангельскім гарнякам паўдзённага заробку і ў далейшым адлічаць штомесяц чвэрць дзённага заробку. Магільнянская ячэйка ЛКСМБ, Вузьдзенскага райёну, паставіла спэктакль у карысьць ангельскіх бастуючых гарнякоў. Ад спэктаклю выручана 5 рублёў 50 капеек. Бюро ячэйкі КП(б)Б Койданаўскага Пагранатраду АГПУ уносіць 53 рублі 42 капейкі, сабраныя сярод ваеннаслужачых і жонак ваеннаслужачых упраўленьня Пагранатраду”.

“Беларуская крыніца”, 1936 год. Адкрыты ліст:

“Мы, моладзь вёскі Старынцы, заяўляем, што ня маем сваёй арганізацыі і ня маем ніякага культурна-асьветнага гуртка, а дзеля гэтага адчуваем заняпад культурнага жыцьця. Мы хочам мець сваю беларускую культурна-асьветную арганізацыю і хочам асьветы ў роднай мове. Мы ўжо пробавалі залажыць арганізацыю, але не ўдалося. Цяпер мы дамагаемся сваей арганізацыі і просім памагчы нам яе залажыць”.

“Ніва”, 1966 год. З СССР:

“Сотні маладых патрыётаў Мінскай, Віцебскай, Гомельскай і іншых абласцей рэспублікі адправіліся ў Данбас. Толькі за апошні час па закліку камсамола на работу ў вугальную прамысловасць паехала больш 700 маладых патрыётаў… Калектыў Бабруйскага машынабудаўнічага завода асвойвае выраб новай машыны — вуглясоса “10УВТх2”. Гэты агрэгат прызначан для гідраўлічнага спосабу здабычы вугалю. За гадзіну ён будзе выкідаць з забоя на вышыню да 250 метраў 900 кубаметраў вугалю”.
XS
SM
MD
LG