Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Дынько: “Я веру, што Лушнікаў пераменіцца”<b\>


Радыё Свабода Андрэй Дынько, ўдзельнік перадачы "У што я веру..."

Цяперашняму чалавеку звычней апэраваць фактамі, лічбамі. А вы спыталіся – веры… Прасьцей сказаць, у што ня верыш: ня веру рэкляме, у астралёгію ня веру, у іншаплянэцянаў, у міратачэньне абразоў ня веру. У ніндзя ня веру. Ня веру поп-зоркам, акторам. У лятарэі і казіно. Увогуле ня веру ў выпадковасьці. А ў што веру?..

...Калі я сядзеў на Акрэсьціна ў сакавіку, так выпала, што ў камэру да нас зайшоў шэф асабістай аховы Лукашэнкі, ягонае прозьвішча Лушнікаў. У гэтай сыстэме хтось такі, як шэф асабістай аховы, хтось такі сакрэтны і набліжаны, давераны і падазраваны, мусіць быць паказальнай фігурай.

І вось – ён паехаў у турму, напханую маладымі бунтаўнікамі, яму, мусіць, карцела пабачыць, хто ж гэта палез на Плошчу, хто пасьмеў; зь ім быў ягоны расейскі дарадца, абодва ў скуранках і да бліску нашмараваных туфлях, такіх даўганосых, модных, дарагіх. І вось гэты Лушнікаў, ня зьняўшы норкавай шапкі, пытаўся нас, хто мы, а мы, васьмёра нас было ў камэры, стаялі перад імі і адказвалі. І калі хто адказваў яму па-беларуску, нянавісьць закіпала ў ім і аж вусны яму крывіла, але пры гэтым ён пазьбягаў глядзець вочы ў вочы таму, яму вочы ўцякалі.

За гэтым было штось глыбейшае, чым палітычная варожасьць, – можа боязь, а ці сорам, недаступнасьць разуменьню, ці, зрэшты, проста гадзіўся беларускамоўнымі. Расейскі дарадца глядзеў на нас абыякава, як дарослыя -- на зьвяроў у заапарку, так капіталісты мусілі пазіраць на чарнаскурых рабоў, а вось Лушнікаў “палаў нянавісьцю” літаральна. Ён сышоў, засовы на дзьвярах – тоўстыя, жалезныя -- павярнуліся з скрыгатам, толькі, здавалася, гэтае ягонае пачуцьцё засталося вісець у паветры...

Дык вось, веру, што гэты Лушнікаў пераменіцца, ператворыцца, і нянавісьць да ўсяго беларускага, шырэй – да ўсяго Інакшага, чым ён сам, перастане пад’ядаць яго зьсярэдзіны. Бо веру, што наша нацыя, як іншыя ўжо, зьяднаецца ў пашане да сваіх падставовых нацыянальных знакаў – мовы, культуры, вартасьцяў.

Бо веру ў справядлівасьць. У кітайскай мове няма паняцьця “справядлівасьць”, але ж мы не кітайцы.

Калісьці чалавецтва чакаюць катастрофы: кантынэнты будуць зьнікаць і новыя -- зьяўляцца, клімат зьменіцца дазваньня, і прырода. Веру, што чалавецтва знойдзе новыя крыніцы энэргіі, а барацьба за рэсурсы не прывядзе да дэгуманізацыі чалавека, які ніколі болей не зьдзічэе.

Бо веру ў любоў, якая зрабіла чалавека чалавекам.

Веру, што чалавек будзе расьці.

Веру, што навука пераможа боль.

Веру, што пачуцьце меры ніколі не пакіне людзей.

Верыцца, што гэты цыкл кароткіх праграмаў на хвалях радыё “Свабода” прымусіць кагось яшчэ задумацца: у што ж я веру? Тое самае, што задумацца: што па мне застанецца? Бо ж пасьля нас застанецца найперш наша вера.

Андрэй Дынько — перакладчык, публіцыст, аўтар шэрагу апавяданьняў. Нарадзіўся ў 1974 у Берасьці. Выкладчык Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (1997—2000), дырэктар часопісу “Arche” (з 1998), рэдактар (з 1999), пасьля галоўны рэдактар (з 2000) газэты “Наша Ніва”. Перакладае з ангельскай, італьянскай, польскай, францускай, украінскай моваў.
XS
SM
MD
LG