Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Твары міліцыянтаў фатаграфаваць нельга?


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ўначы некалькі сябраў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” вярнуліся ў Менск з Магілёва. Байцы спэцназу Магілёўскай міліцыі затрымалі ўчора каля 30 чалавек у двары прыватнага дому. Сярод затрыманых маладафонтаўцаў былі фотакор “Нашай Нівы” Юлія Дарашкевіч і карэспандэнт “Радыё Рацыя” Алесь Буракоў. У будынку міліцыі Ленінскага раёну міліцыянты перапісалі пашпартныя зьвесткі затрыманых і зрабілі агляд рэчаў. Праз тры гадзіны ўсіх адпусьцілі.

Сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч лічыць, што спэцапэрацыя байцоў спэцназу магілёўскай міліцыі ёсьць сьведчаньнем узмацненьня ціску ўладаў на сяброў арганізацыі.

(Дашкевіч: ) “Гэта, безумоўна, працяг той хвалі рэпрэсіяў, якая ахапіла актывістаў “Маладога фронту”. Улады, нягледзячы на тое, што распачалі крымінальныя справы, бачаць, што моладзь далучаецца да нашай арганізацыі, што ідзе праца. Перапісалі пашпартныя зьвесткі і вызвалілі, хаця спачатку казалі, вось мы кожнага выганім са школы, Артуру зьменім “хімію” на зону, Дашкевіча пасадзім, ды ў вас тут і скрыня з трацілам – ну, папросту, ведаеце, псыхалягічны такі ўціск. Штодня дапытваюць актывістаў нашай арганізацыі, іх папросту ведаюць, іх бацькоў”.

Сярод затрыманых быў вучань магілёўскага ліцэю Максім Азараў. Максім упершыню трапіў у міліцыю. Ён падзяліўся сваімі ўражаньнямі са “Свабодай”:

(Азараў: ) “Мы сядзелі на падворку і размаўлялі. Потым атрад спэцназаўцаў… Капітан яшчэ быў зь імі…Крычалі: “Рукі пакладзіце на плечы сваім сябрам і выходзьце ў шэраг!” У аўтобусе забаранілі размаўляць. Прымусілі адключыць мабільныя тэлефоны. У прыбіральню хацеў схадзіць у РАЎСе. Мяне туды не пускалі, дазволілі толькі праз паўтары гадзіны. Са мной размаўляў супрацоўнік КДБ. У мяне быў пакет, у якім былі некаторыя важныя дакумэнты. Там былі прозьвішчы маіх сяброў, назва арганізацыі. Ён зьнік пасьля ператрусу. Іх цікавілі нашы прозьвішчы”.

Фотакарэспандэнтку “Нашай Нівы”Юлію Дарашкевіч, якая здымала затрыманьне на камэру, спэцназаўцы прымусілі зьнішчыць запіс. Яны патлумачылі, што іх твары здымаць нельга.

Зьміцер Дашкевіч і Сяржук Лісічонак паведамілі, што ня будуць зьвяртацца са скаргамі на дзеяньні міліцыянтаў.

Днямі ў крымінальнай справе супраць актывістаў “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча, Сяржука Лісічонка, Барыса Гарэцкага і Алега Корбана дапыталі некалькі чалавек, у тым ліку Паўла Севярынца, які адбывае пакараньне на “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Тым часам Камітэт барацьбы з тэрарызмам, які распачынаў крымінальныя справы супраць маладафронтаўцаў, спыніў некалькі крымінальных спраў у рэгіёнах. Дзьве крымінальныя справы – у Жодзіне, тры – у Нясьвіжы і адну – ў Баранавічах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG