Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск – горад, дзе няма антысэмітызму


Радыё Свабода У Пінску пачаліся першыя мерапрыемствы ў гонар 500-годзьдзя габрэйскай абшчыны Пінску. Восеньню 1506 году пінскі князь Яраслаў падпісаў дазвол на будаўніцтва тут сынагогі й габрэйскага пагосту.

Пра хаду сьвяточных мерапрыемстваў у Пінску Радыё Свабода паведаміў старшыня габрэйскага культурна-асьветніцкага таварыства Іосіф Лібэрман:

(Лібэрман: ) “Выставу мастака Шустамана правялі. Празь некалькі дзён адкрыем кніжную выставу ў бібліятэцы. Газэту “Карлін” выдалі. Кожны дзень штосьці адбываецца”.

(Карэспандэнт: ) “Што зараз уяўляе ваша таварыства?”

(Лібэрман: ) “Тысячу, а мажліва, і больш чалавек.Нам перадалі будынак сынагогі былой. Плюс таварыства імя Хаіма Вейцмана. Узялі ў арэнду памяшканьне. Плюс “Хэсэд-Арон” – дабрачынная арганізацыя. Плюс нядзельная школа”.

Ужо некалькі гадоў у Пінску працуе школа-інтэрнат для габрэйскіх дзяцей “Бейс-Агарон”, дзе вучацца дзеці габрэяў з усяе Беларусі. Расказвае дырэктар – Ігар Каралінскі:

(Каралінскі: ) “У нас 40 хлопчыкаў і 40 дзяўчынак. 10 вучняў у клясе. Мы вярстаем вучэбны плян па кожнаму вучню. Няма супрацьстаяньня між імі і настаўнікамі. Яны ня плацяць за навучаньне, яны ня плацяць за пражываньне і яны ня плацяць за харчаваньне!”

У гэтыя дні навучэнцы атрымліваюць новыя кнігі і буклеты, выдадзеныя да юбілею. Краязнаўца Тацьцяна Хвагіна гаворыць, што ўпершыню сабраныя зьвесткі пра 300 знакамітых габрэяў-пінчукоў.

(Хвагіна: ) “Гэта – першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вейцман, які жыў і вучыўся ў Пінску. Гэта – Голда Меер. Шкада, што калі яна была паслом Ізраілю ў Савецкім Саюзе, то ёй не дазволілі наведаць Пінск. Яшчэ – Мойша Калодны, які паставіў свой подпіс пад Дэклярацыяй незалежнасьці дзяржавы Ізраіль. Ён быў міністрам і стваральнікам Прагрэсіўнай партыі Ізраілю. Дзякуючы стараньню нашых краязнаўцаў, даведаліся, што ў Пінску нарадзіўся ляўрэат Нобэлеўскай прэміі за праграму эканамічнага разьвіцьця ЗША Сайман Сьміт”.

Старшыня саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў Леанід Левін даводзіць, што і цяпер ў Беларусі здараюцца выпадкі антысэмітызму. Але, кажа суразмоўца, Пінска гэта ня тычыцца. Па яго словах, эміграцыя зь Пінску габрэяў практычна спынілася, у горадзе застаюцца прадпрымальнікі, кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, чыноўнікі, інтэлігенцыя ды іхныя дзеці. І вось як тлумачыць гэта Леанід Левін:

(Левін: ) “Пінск якраз паказальны, бо там горад і нашая суполка працуюць разам”.

Для Радыё Свабода Леанід Левін паведаміў, што на сёньня ў Беларусі зарэгістраваныя больш як 100 габрэйскіх арганізацыяў і рэлігійных абшчынаў. Яны функцыянуюць у 26 гарадох Беларусі. Найбольш буйныя – у Менску, Берасьце, Віцебску, Гомелі, Гародні, Пінску і Бабруйску. Паводле статутнай дзейнасьці, праца Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх арганізацыяў скіраваная на габрэйскія сацыяльныя, адукацыйныя і мастацкія праграмы, што садзейнічаюць адраджэньню нацыі.

Гл. таксама • У Бабруйску зьявіўся бабёр-габрэй (фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG