Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Антон Бáліцкі


Уладзімер Арлоў, Менск 17.9.1891, в. Балічы (цяпер Гарадзенскі раён) — 31.10.1937, Менск

Згадваючы палітыку беларусізацыі, што на дзяржаўным узроўні праводзілася ў 1920-я гады, мы часам забываем, што ў яе былі свае “бацькі”, якія генэравалі ідэі, пісалі праграмы, распрацоўвалі сыстэмы. Адзін з гэтых людзей — Антон Бáліцкі.

Ён вучыўся ў Сьвіслацкай настаўніцкай сэмінарыі, што была спадкаеміцаю гімназіі, дзе некалі спасьцігаў навуку юны Кастусь Каліноўскі. Водгульле славы паўстанцкага правадыра натхняла маладыя душы зусім не на служэньне інтарэсам імпэрыі.

Мабілізаваны ў 1915-м у войска, Антон стаў удзельнікам Лютаўскай рэвалюцыі. Ён гуртаваў вайскоўцаў-суайчыньнікаў на Румынскім фронце, адчыняў для дзяцей бежанцаў беларускія школы ў Адэсе, камандаваў партызанскім аддзелам у Прыднястроўі...

Вярнуўшыся ў 1921-м ужо ў савецкую Беларусь, ён заняў пасаду намесьніка народнага камісара, а затым і наркама асьветы. Гэта быў яго зорны час. Бáліцкі стварае сыстэму сярэдняй і вышэйшай адукацыі, куды пасьлядоўна ўводзіцца беларуская мова. Другі найважнейшы клопат наркама — беларусізацыя культурна-асьветніцкіх установаў. У выніку мэтанакіраванай палітыкі наркамату па-беларуску загаварылі дзясяткі тысяч выкладчыкаў, бібліятэкараў, клюбных работнікаў...

Посьпехі беларусізацыі выклікалі трывогу ў Маскве. Моцныя незалежніцкія настроі ў беларускім кіраўніцтве і інтэлігенцкіх колах былі рэальнасьцю. У гэтым сэньсе ГПУ валодала багатым матэрыялам для фабрыкацыі справы так званай “контаррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі “Саюз вызваленьня Беларусі”. У ліку сотняў арыштаваных у 1930-м непазьбежна апынуўся і Антон Бáліцкі. Ён атрымаў адзін з самых жорсткіх на той час прысудаў — 10 гадоў канцлягераў. Людзі такога кшталту й маштабу ўжо ня мелі шанцаў выйсьці на волю. У 1937-м адбыўся паўторны разгляд справы. Назаўтра аднаго з “бацькоў” беларусізацыі павялі на расстрэл.

У кабінэтах цяперашняга мінадукацыі партрэту аднаго зь першых беларускіх міністраў асьветы вы ня знойдзеце. Прычына навідавоку: Бáліцкі з падначаленымі вяртаў беларусам іх мову, сёньнішнія ж чыноўнікі выконваюць дырэктывы, заснаваныя, як выглядае, на вядомым мураўёўскім выказваньні пра расейскую школу, што даробіць недаробленае некалі расейскім штыком.
XS
SM
MD
LG