Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа


рын Квяткоўскі, Менск Этэр 14 верасьня

Прывітаньне, разам з вамі ў “Начную аБЛОГу” беларускае сеціва бяру я – Севярын Квяткоўскі.

Візыт Аляксандра Лукашэнкі на Кубу прыцягвае ўвагу вялікай колькасьці ўдзельнікаў дыскусіяў у беларускім сеціве. Нагадаю, што на Кубу адбываецца самім руху “Недалучэньня”. Многія ўзгадваюць пра паездку беларускай урадавай дэлегацыі на Кубу, калі шэраг краінаў не дазволілі самалёту сесьці на іх аэрадромах для дазапраўкі. У інтэрнэт-суполках, а таксама на форумах Tut.by дзесяткі розных выказваньняў. Самае бяскрыўднае – “Хай бы ён там і застаўся”. Зрэшты, некаторыя ўдзельнікі задаюць пытаньні: “Я так разумею, ён па бясплатную нафту паляцеў?”

Тэма імпрэзы “Вялікі джынсавы фэст” хвалюе многіх удзельнікаў байнэту. 16 верасьня на менскім пляцы Бангалор мае адбыцца мітынг і рок-канцэрт у падтрымку палітзьняволеных, за свабоду і дэмакратыю.Удзельнік інтэрнэт-суполкі Minsk_by badlittleduck піша: “Я добра стаўлюся да канцэртаў на Бангалор, наведваю іх. Але гэта хутчэй не забава, а супольны жаль. Народ адзіны адно некалькі гадзін, а што далей? Але я цудоўна разумею, што ў цяперашняй сытуацыі асабліва не “разыйдзешся”.

Карыстальнік lunniy_malchik праводзіць паралель між магчымымі ўдзельнікамі “Джынсавага фэсту” і карыстаньнем інтэрнэтам: “Колькасьць патэнцыйных гледачоў абмежаванае тымі 20 тысячамі, якія пасьля выбараў выйшлі на Плошчу. Яны цудоўна ведаюць “Што? Дзе? Калі?”, бо карыстаюцца інтэрнэтам, дзе чытаюць навіны і камунікуюць з сабе падобнымі”.

Каму неабыякавыя зьмены ў абліччы Менску, будзе цікава зазірнуць на старонку “Менск стары і новы”. Стваральнікі сайту выклалі здымкі Менску другой паловы ХХ ст. І побач -- сучасны выгляд тых самых мясьцін. Са зьмешчаных фотаздымкаў бачна колькі яшчэ заставалася старых камяніц у цэнтры Менску пасьля вайны. Напрыклад, старыя кварталы ў раёне Нямігі. Аўтары не даюць сваіх ацэнак руйнаваньню Менску – толькі гістарычныя факты.

На сайце таксама можна знайсьці матэрыялы па гісторыі Менску, сьпісы перайменаваных вуліц, карты, пляны гораду. Фотаздымкі разьмеркаваныя па разьдзелах: вакзалы, вуліцы, плошчы, культавыя пабудовы, музэі, помнікі.

Апошнім часам у Беларусі адраджаюцца “кватэрнікі” – канцэрты, спэктаклі ды іншыя імпрэзы, якія ладзяцца ў прыватных памяшканьнях. На “кватэрніках” неаднойчы выступалі беларускія рок-гурты, а таксама паказваў свае пастаноўкі “Свабодны тэатр”. “Кватэрнікі” былі распаўсюджаныя ў Савецкім Саюзе, калі было цяжка атрымаць дазвол на імпрэзу ў публічным месцы. Блогер Tarka прапануе спампаваць і паглядзець аматарскі відэаролік з аднаго з нядаўніх “кватэрнікаў”, дзе выканаўца Rahis сьпявае песьню “Грэй мяне”:

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі . Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG