Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Туркмэністане памёрла ў турме карэспандэнтка Радыё Свабода


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Агульсапар Мурадавй было 58 гадоў. Афіцыйна паведамляецца, што яна памёрла натуральнай сьмерцю, аднак праваабаронцы і сваякі нябожчыцы кажуць, што яна магла быць забітай. Мурадава была арыштаваная ў чэрвені. У жніўні яе асудзілі да 6 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў незаконным захаваньні боепрыпасаў. Аднак, заходнія праваабаронцы назвалі абвінавачаньне прыдуманым, а працэс пародыяй на суд. З падрабязнасьцямі Вячаслаў Ракіцкі.

Сваякі нябожчыцы расказалі туркмэнскай службе нашага радыё, што сёньня прадстаўнікі службы бясьпекі выклікалі ў морг сям’ю Мурадавай, каб апазнаць ейнае цела. Туркмэнскі Хэльсінскі фонд са спасылкай на дзяцей Мурадавай, што ў яе ёсьць на шыі сіняк і вялікая рана на галаве. Фонд называе сьмерць Мурадавай “палітычным забойствам”.

Час і абставіны сьмерці Мурадавай невядомыя, як невядома і ў якой турме яе трымалі. Паводле сваякоў нябожчыцы, прадстаўнікі службы бясьпекі ў моргу пераконвалі сям’ю Мурадавай, што яна сканала з натуральных прычынаў і адмаўлялі верагоднасьць гвалту.

Тыя чыноўнікі, якія называлі сябе “абслугоўваючым пэрсаналам”, цьвердзілі, што яны ня маюць ніякага дачыненьня да арышту і ўтрыманьня ў турме Мурадавай, і што сваякі павінны свае папрокі адрасаваць Міністэрству нацыянальнай бясьпекі. Гаворыць старшыня Туркмэнскага Хэльсінскага фогду Таджыгул Бягмедава:

(Бягмедава:) “Гэта была на дзіва здаровая жанчына. І толькі пасьля арышту яна чамусьці стала прасіць прыносіць лекі. Ужо тады мы сталі гаварыць, што гэта дзіўна. Цяпер вось яна мёртвая. І калі ўлады будуць гаварыць, што гэта сталася з прычыны здароўя, дык гэта будзе абсалютнай хлусьнёй.”

Бягмедава кажа, што яна размаўляла зь дзецьмі Мурадавай пасьля іхнага наведваньня моргу.

(Бягмедава:) “Калі дзеці запатрабавалі дазволіць незалежнаму лекару правесьці асьвядчэньне, супрацоўнікі моргу сталі ім пагражаць.”

Сваякі Мурадавай таксама паведамілі, што ў морг не былі дапушчаныя прадстаўнікі амэрыканскай амбасады.
XS
SM
MD
LG