Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд не задаволіў пазову дэпутата Бабруйскага гарсавету


Радыё Свабода Бабруйскі суд не задаволіў пазову дэпутата Бабруйскага гарсавету Вячаслава Сьвізунова да гарадзкога прадпрыемства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Спадар Сьвізуноў дамагаўся, каб яго аднавілі на пасадзе дырэктара ЖКГ Ленінскага раёну і каб кампэнсавалі яму маральныя страты. Вячаслаў Сьвізуноў будзе рыхтаваць апэляцыю ў Магілёўскі абласны суд.

Паводле Вячаслава Сьвізунова, суд падчас двухдзённага разбору справы не зьвяртаў увагі на ягоныя аргумэнты, пры гэтым адназначна прымаў аргумэнты адказчыка.

Вячаслава Сьвізунова звольнілі 17 ліпеня. Згоду на гэта дала сэсія Бабруйскага гарсавету, на якой сам дэпутат не прысутнічаў: напярэдадні ён быў шпіталізаваны. Фармальнай падставай для звальненьня сталася парушэньне правілаў зваротаў грамадзянаў.

Вячаслаў Сьвізуноў зьвязвае сваё звальненьне з прынцыповай пазыцыяй, якую ён меў на пасадзе дырэктара, а таксама з ранейшай актыўнай грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю.

Вячаслаў Сьвізуноў — былы старшыня гарадзкіх суполак Партыі БНФ, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Беларускай асацыяцыі журналістаў, выдавец і рэдактар незалежнай газэты “Крынічка Бабруйская”. Ён быў прызначаны дырэктарам жылкамунгасу Ленінскага раёну Бабруйску ў сакавіку 2005 году. У лістападзе 2005 году спадар Сьвізуноў, са згоды дэпутатаў Бабруйскага гарсавету, быў адхілены ад дырэктарства. У студзені 2006 году гарадзкі суд прызнаў звальненьне незаконным і сваёй пастановай аднавіў яго на пасадзе дырэктара.
XS
SM
MD
LG