Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшла прэм’ера трылеру “Парфумэр”


Радыё Свабода Сёньня ў буйных кінатэатрах сьвету адбываецца прэм’ерны паказ трылеру “Парфумэр, альбо Гісторыя аднаго забойцы”. Гэтую карціну зьнялі кінэматаграфісты Нямеччыны, Францыі, Гішпаніі паводле раману нямецкага пісьменьніка Патрыка Зюскінда “Парфума”.

Ля касаў сталічнага кінатэатру “Кастрычнік”, дзе сёньня адбываецца прэм’ерны паказ, абвестка: “Квіткі на вечаровыя сэансы прададзеныя”. Гутару з тымі, хто набывае білеты на дзённы сэанс, а таксама на заўтра. Пераважна гэта вельмі маладыя людзі, якія ў найлепшым выпадку толькі чулі пра кнігу, аднак глядзелі па тэлевізіі рэклямны ролік фільму.

(Юнак: ) “Рэкляму бачылі, цікава паглядзець”.

(Дзяўчына: ) “Я доўга шукала гэтую кніжку, але не знайшла яе. Аднак паколькі зьявіўся фільм, вырашыла пайсьці на яго”.

(Дзяўчына: ) “Я ведаю, пра што прыкладна фільм. Галоўны герой забівае жанчын, каб атрымаць самы дасканалы водар. Я чытала пра актора, які выконваў галоўную ролю, Бэн Ўішоў, што ён вельмі малады, яму дваццаць тры, аднак ён ужо граў Гамлета”.

(Дзяўчына: ) “Пачынала калісьці чытаць гэтую кнігу, але не дачытала яе, паколькі была нават ня кніжка, а нейкая перадрукаваная зборка з часопісаў, мне было яе цяжка чытаць. Кіно лягчэй паглядзець”.

(Юнак: ) “Я не чытаў. Проста мы любім у кіно хадзіць. Новы фільм. Быццам мусіць быць цікава”.

(Спадарыня: ) “Асабіста ў мяне ніякага вострага жаданьня ўбачыць гэта ў кіно няма. Бо ў прынцыпе твор самадастатковы. Але проста я люблю глядзець кіно”.

Тыя хто гавораць пра кнігу, маюць на ўвазе яе расейскамоўны пераклад — “Парфумэр”. Толькі адзінкі чулі пра беларускі пераклад раману Зюскінда. Як і ў нямецкага пісьменьніка, па-беларуску кніга завецца “Парфума”. Перакладчык Васіль Сёмуха даведаўся пра прэм’ерны паказ з нашай размовы. Кінатрылер “Парфумэр” яго зацікавіў.

(Сёмуха: ) “Канечне, пайду. Дарэчы, па-нямецку кніга называецца “Das Parfuem” — то бок “Парфума”, у дакладным перакладзе зь нямецкай”.

Што думаюць пра ўсясьветную прэм’еру на радзіме Патрыка Зюскінда ў Нямеччыне? Колішні мянчук, прафэсійны перакладчык Сяргей Ямшчыкоў, які апошнія дваццаць гадоў стала жыве ў Нямеччыне і перакладае на нямецкую мову расейскіх і беларускіх пісьменьнікаў, раіць чытаць Зюскінда, а не глядзець экранізацыю.

(Ямшчыкоў: ) “Калі я амаль дваццаць гадоў таму чытаў “Das Parfuem” Зюскінда, я апынуўся ў цудоўным водары мовы — далікатным, клейкім, духмяным, душным, золкім, вільготным… Прачытаўшы раман адзін раз, больш не перачытваў. Аднак памятаю сваё глыбокае ўражаньне ад гэтай оргіі водараў. Я бачу ў гэтым творы філязофскі расповед пра немагчымасьць стварыць штучны эліксір каханьня, бо менавіта дзеля гэтай мэты і забіваліся маладыя жанчыны... Парфумэр замахнуўся на тое, на што здольны толькі адзін Бог. Таму мяне кінастужка нават з геніяльным Гофманам не цікавіць. Гэты трылер — ня больш чым дзьвюхгадзінавы выкід адрэналіну. Таму б я параіў інвэставаць грошы на набыцьцё раману ды прачытаць яго. Каму пашанцуе — па-нямецку, а каму менш — у беларускім перакладзе”.

Беларускі пераклад Васіля Сёмухі Сяргей Ямшчыкоў лічыць вельмі ўдалым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG