Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураджэнца Пінску падазраюць у кантрабандзе на 1 мільярд даляраў


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Маскве затрымалі грамадзяніна Беларусі Юр’я Крэйдзіча, які займаўся кантрабандай дарагой электроннай тэхнікі з Эўропы ў Расею. У Беларусі пакуль не раскрываюць падрабязнасьцяў гэтай справы.

Юр’я Крэйдзіча падазраюць у арганізацыі трывалых кантрабандных паставак у Расею дарагой электроннай тэхнікі з Эўропы празь Беларусь. Маскоўскія міліцыянты затрымалі яго 12 верасьня паводле запыту зь Беларусі, пасьля месяца пошукаў.

Як сказаў Інакенці Няфёдаў з дэпартамэнту ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Расеі, групоўка Юр’я Крэйдзіча завезла ў Расею нелегальных тавараў болей як на 1 мільярд даляраў.

(Няфёдаў: ) “Там жанчына сьледчая ў гэтай справе. А сам ён зь Пінску. Я спытаўся: на колькі мільёнаў даляраў кантрабанда? Яна сказала, што не, там справа на мільярды”.

Паводле маскоўскіх міліцыянтаў, затрыманаму Крэйдзічу дапамагалі правозіць кантрабанду празь беларускую мяжу супрацоўнікі мытні “Заходні Буг”, адносна якіх цяпер вядзецца сьледзтва. Кажуць, што гэтая злачынная дзейнасьць працягвалася каля шасьці гадоў. Як вынік, Юры Крэйдзіч меў у Маскве легальную фірму, празь якую прадавалася кантрабандная тэхніка.

У МУС Беларусі пацьвердзілі, што галоўная ўправа ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС вядзе справу, у якой фігуруе затрыманы ў Маскве Юры Крэйдзіч. Больш ніякай новай інфармацыі міліцыянты не паведамілі. Беларуская міліцыя чакае экстрадыцыі Крэйдзіча з Масквы, якая мусіць адбыцца цягам сарака дзён. Супрацоўнік прэсавай службы Беларускага мытнага камітэту Ўладзімер Бехцераў не пракамэнтаваў зьвестак пра датычнасьць да справы Крэйдзіча супрацоўнікаў мытні “Заходні Буг”.

Ці магчыма, каб шэсьць гадоў існаваў кантрабандны калідор празь беларуска-польскую мяжу? Вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што такое магчыма толькі дзякуючы пратэкцыі пэўных асобаў ва ўладзе. Тое, што міліцыя ўрэшце выйшла на сьлед буйнога кантрабандыста, сьведчыць пра перадзел улады ўнутры крымінальнага бізнэсу, лічыць экспэрт.

(Раманчук: ) “Проста знайшлі скрайняга — пасадзяць, але нічога ня зьменіцца. Бо ўмовы для карупцыі засталіся. Калі 7,5 працэнта валавога ўнутранага прадукту краіны ідзе праз рукі чыноўнікаў, то немагчыма змагацца з карупцыяй, бо чыноўнікі разумеюць, што ў іх залаты шанец”.

Скандалы з пастаўкамі кантрабандных заходніх тавараў у Расею празь Беларусь узьнікаюць рэгулярна. У канцы 1990-х гадоў стала вядома пра кантрабанду ў Расею некалькіх эшалёнаў сьпірту. Паводле беларускіх незалежных мэдыяў, да гэтага нібыта меў дачыненьне былы кіраўнік справаў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў, які, аднак, сваю датычнасьць абвяргаў.

Неаднаразова паўставалі таксама інцыдэнты з правозам празь мяжу буйных партыяў кантрабандных аўтамабіляў і кампутараў. Акрамя мытнікаў, ніхто зь дзяржаўных чыноўнікаў за гэтыя злачынствы ня быў пакараны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG