Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці хапае вам месячнага заробку?


Міхал Карневіч, Горадня Калі не хапае, то як даяце рады? На гэтае пытаньне нашага карэспандэнта адказваюць жыхары Горадні.

(Спадарыня: ) “Не хапае, паколькі муж мой цяпер бяз працы, а я зарабляю ўсяго 200 тысяч рублёў”.

(Спадар і спадарыня: ) “Не хапае, пэнсія ўсяго 120 тысяч... А ў мяне толькі 270 тысяч. Дык нават на вёсцы не пражыць. Трэба купляць дровы, брыкет, газу ў нас няма”.

(Карэспандэнт: ) “І як вы выжываеце?”

(Спадар і спадарыня: ) “Вось так і выжываем. Зьбярэм нешта ў лесе, прадамо й неяк выжываем”.

(Спадарыня: ) “На кавалак хлеба хапае, але зрабіць рамонт у кватэры, у нас свой дом, — не стае, трэба добра зэканоміць”.

(Спадар: ) “Мне хапае, я вайсковы пэнсіянэр”.

(Спадар: ) “Вядома, не. Даводзіцца працаваць у некалькіх месцах, інакш — не пражыць”.

(Спадарыня: ) “Я атрымліваю 260 тысяч. Зь іх трэба 60—70 тысяч заплаціць за камунальныя паслугі, а зімой яшчэ болей. Дык як за гэтыя грошы пражыць? А я ж жанчына… Даводзіцца худнець, худнець, худнець… А яшчэ лекі”.

(Дзяўчына: ) “Вядома, не. Бацькі дапамагаюць”.

(Спадар: ) “Хапае на пражыцьцё й нават тысяч 100 адкладваю ў месяц”.

(Спадарыня: ) “Дзе ж іх хопіць. Гэта калі толькі суп будзеш есьці, і больш нічога. За кватэру трэба ж заплаціць, дый патрэбна нешта сабе купіць, голы ж хадзіць ня будзеш. Натуральна, што гэтага не стае”.

(Спадарыня: ) “Я атрымліваю пэнсію ды стараюся яшчэ дзе-небудзь дарабіць. Езьдзім у калгас, капаем бульбу. Круцімся, як можам”.

(Спадар: ) “Толькі на харчаваньне, больш ні на што”.

(Спадарыня: ) “Нават, каб нармалёва харчавацца, грошай не стае”.

(Спадарыня: ) “А ў мяне наагул ні на што не хапае. Я адна гадую дзіця. Нягледзячы на тое, што ў мяне вышэйшая адукацыя, пракарміць сябе не магу”.

(Спадар: ) “Эканомім на ўсім, чым можна: меней ямо, купляем самае таннае. Вось так…”

(Спадарыня: ) “Мой паратунак у тым, што я мала ем мяса, у асноўным садавіну й гародніну. А гародніну маю сваю. Але наагул, у нас у Беларусі вельмі малыя пэнсіі. Калі параўнаць з тымі, што за мяжой, дык там людзі могуць сабе дазволіць паехаць паглядзець сьвет, а ня толькі сваю краіну. А ў нас нават сваёй краіны не пабачыш, паколькі ня хопіць грошай. А што ўжо казаць пра сьвет”.
XS
SM
MD
LG