Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Пагроза незалежнасьці зыходзіць ад саміх беларускіх уладаў"


Радыё Свабода, Менск Ці пагражае штосьці незалежнасьці Беларусі? Адкуль зыходзіць такая пагроза? Гэтае пытаньне людзям га вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Юнак: ) “Незалежнасьці Беларусі, думаю, нішто не пагражае. Бо ніякай пагрозы не заўважаю ні з Захаду, ні з Усходу”.

(Юначка: ) “Сувэрэнітэту Беларусі нічога не пагражае, бо мы незалежная краіна, якая добра разьвіваецца і мае сваю стабільную эканоміку”.

(Спадар: ) “Дакладна не магу адказаць на гэтае пытаньне. Але мне гэтая апазыцыя ў Менску вельмі не падабаецца”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці пагражае штосьці незалежнасьці Беларусі? Адкуль зыходзіць такая пагроза?”

(Юнак: ) “У нас пад бокам Расея, якая за нас заступаецца, і з-за гэтага нам нічога не пагражае”.

(Спадар: ) “Па-першае, я не палітык, але калі няма ніводнага беларускага слова ў штодзённасьці, калі няма рэклямных абвестак па-беларуску, калі газаправоды прадаюць, а мы нічога пра гэта ня ведаем, то я лічу, што пагражае”.

(Юнак: ) “Я думаю, што пагроза зыходзіць ад саміх беларускіх уладаў. Бо ў эканоміцы цяпер склаўся такі стан, што мы цалкам залежым ад адной крыніцы паставак энэрганосьбітаў. Калі б у нас было, як у Чэхіі ці іншых эўрапейскіх краінах, якія перагледзелі сваю энэргетычную сыстэму і бяруць энэрганосьбіты з розных крыніцаў, то ў нас бы такога не было”.

(Юнак: ) “Так, пагражае. І гэтая пагроза зыходзіць ад уладаў непасрэдна. Бо ў краіне няма дэмакратыі”.

(Спадарыня: ) “На мой погляд, ніякай пагрозы няма. Калі шукаць ворага, то яго знойдзеш. А калі ўсё прымаць гэтак, як яно ёсьць, то не. Нашы палітыкі ўзялі кірунак на сувэрэнітэт, і трэба ісьці ў гэтым кірунку”.

(Спадар: ) “Мне падаецца, што сувэрэнітэту Беларусі нічога не пагражае. Бо ўлада моцна трымаецца за сваё і не зьбіраецца ісьці на саступкі ні Пуціну, ні якім іншым людзям, якія, да прыкладу, зьбіраюцца гэтую ўладу адабраць. Апазыцыя марудзіць з падрыхтоўкай рэгіянальных выбараў. І я лічу, што з гэтага гледзішча тут ніякіх зьменаў чакаць не давядзецца”.
XS
SM
MD
LG