Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады ня здолелі кантраляваць крымінагенную сытуацыю падчас сьвята гораду?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мячыслаў Грыб і рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Беларускія ўлады любяць ладзіць сьвяты. Гэта ўжо стала часткай іхнага палітычнага іміджу. Але любое сьвята зьбірае шмат людзей — а гэта заўсёды небясьпечна. Адразу ж згадваецца трагедыя на Нямізе сем гадоў таму. Асаблівая небясьпека паўстае тады, калі свабодна прадаецца сьпіртное побач зь месцамі, дзе адбываюцца мерапрыемствы. Вялікая бойка ў электрацягніку Менск—Пухавічы сьведчыць пра тое, што ўлады ня здольныя кантраляваць сытуацыю.

Цікава, што калі ўлады пастанавілі ўсе вулічныя акцыі апазыцыі перанесьці на плошчу Бангалор, яны матывавалі гэта небясьпекай паўтарэньня трагедыі на Нямізе. Аднак самі ня вельмі зважаюць на гэтую небясьпеку — і масавыя сьвяты адбываюцца рэгулярна. Ці апраўданая рызыка правядзеньня масавых мерапрыемстваў з гледзішча бясьпекі?”

(Мячыслаў Грыб: ) “Сьвяты павінны быць. Яны ёсьць у кожнай краіны. І сьвята Дзень гораду — нармальнае сьвята. Людзі любяць сьвяты, няхай сьвяткуюць.

У свой час я чатыры-пяць гадоў працаваў начальнікам аховы грамадзкага парадку Міністэрства ўнутраных справаў. У мой абавязак уваходзіла ахова грамадзкага парадку падчас масавых мерапрыемстваў. Таму магу сказаць, што ў сёньняшняй міліцыі ёсьць усе магчымасьці, каб правесьці сьвяты без надзвычайных здарэньняў.

Даўно распрацаваная і ўсім прафэсіяналам вядомая тактыка дзеяньняў міліцыі падчас такіх падзеяў. Звычайна ствараецца штаб, распрацоўваецца плян, дзе падрабязна адзначана, што і як павінна рабіць міліцыя падчас сьвята. Рыхтавацца да іх патрэбна вельмі адказна, улічваць кожную дробязь. Напрыклад, сем гадоў таму падчас трагедыі на Нямізе не прадугледзелі, што можа пайсьці дождж, людзі пабягуць хавацца. Таму так усё і скончылася.

Хутчэй за ўсё, і цяпер міліцэйскія начальнікі ня вельмі сур’ёзна паставіліся да гэтага сьвята. Магчыма, палічылі, што Дзень гораду — гэта не агульнанацыянальнае сьвята, можа, людзей будзе няшмат, паспадзяваліся на ўдачу. Таму і здарылася такая бойка. А гэта ўсё можна было прадугледзець”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Усё залежыць ад таго, як праводзіць сьвята. Варта сказаць і пра эстэтычны бок гэтых сьвятаў. Таму што эстэтыка і этыка вельмі зьвязаныя. Калі сьвята выглядае па-бутафорску, штучна, пануе казённая сымболіка і папса, то, натуральна, гэта нікога не кранае. Моладзь выходзіць на вуліцы і плошчы, каб, як яны кажуць, “адцягнуцца”.

Дзіўна, што міліцыя ў такіх выпадках паводзіць сябе вельмі паблажліва. Даводзілася назіраць кампаніі на яўным падпітку, якія брыдкасловяць. Побач ходзяць міліцэйскія патрулі, і іх гэта не хвалюе. Але, здаецца яны дзейнічаюць у адпаведнасьці з устаноўкамі зьверху, каб не псаваць настрою электарату.

Рэч у тым, што людзі, якія п’юць, парушаюць дысцыпліну, зьяўляюцца добрым электаратам. Бо яны трымаюцца за працоўнае месца і галасуюць так, як ім скажа начальнік. Апалітычны чалавек, для якога ідэал — чарка і шкварка, не ўяўляе небясьпекі для рэжыму. Таму такое і стаўленьне да яго”.

(Карбалевіч: ) “Бойкі — зьява не такая і рэдкая. Можна сказаць, што гэта нават частка моладзевай культуры. Яны здараюцца ў шмат якіх краінах. Напрыклад, частыя сутычкі паміж фанатамі розных футбольных клюбаў. Вялікая бойка ў электрацягніку Менск—Пухавічы выклікала рэзананс у моладзевым асяродзьдзі, калі меркаваць па Інтэрнэце. Але што ўражвае ў гэтай падзеі? Бойка працягвалася шмат часу, фактычна цэлы электрапоезд быў захоплены хуліганамі, разам з усімі пасажырамі, якія апынуліся закладнікамі. Хуліганы рабілі зь цягніком, што хацелі: спынялі яго з дапамогаю стоп-кранаў, білі вокны, перашкаджалі заходзіць і выходзіць на прыпынках. Але міліцыя амаль ня ўмешвалася. Чым вы растлумачыце такую пасіўнасьць органаў аховы парадку?”

(Грыб: ) “Здаецца, супрацоўнікі транспартнай міліцыі не былі падрыхтаваныя да такіх падзеяў, увогуле да правядзеньня гэтага сьвята, не прадугледзелі ўсіх варыянтаў. Таму і не змаглі хутка адрэагаваць. Не было рэзэрваў на такі надзвычайны выпадак. Былі задзейнічаныя толькі дзяжурныя міліцыянты, якія і самі баяліся моцна ўмешвацца. А каб сабраць вялікую колькасьць міліцыі, якая магла б спыніць гэтую бойку, патрэбны вялікі час”.

(Класкоўскі: ) “Сапраўды выглядае, што цалкам былі паралізаваныя тыя сілавыя структуры, якія павінны адказваць за парадак. Тут ёсьць прадмет для прафэсійнага “разбору палётаў”. Натуральна, ведамства будзе бараніць гонар мундзіру. І ўжо ў заявах прэсавых службаў гэта гучыць. Улада ня любіць прызнаваць сваіх няўдачаў.

Калі ж глядзець глыбей, у корань праблемы, то яна палягае ў тым, што сілавыя структуры “заточаныя” не пад тыя задачы. Яны найперш “заточаныя” пад нэўтралізацыю апанэнтаў рэжыму. За гэта могуць і запатрабаваць па поўнай праграме. Мы ведаем, што калі адбываюцца масавыя акцыі апазыцыі, то ў прылеглых дварах поўна аўтобусаў і машынаў з спэцназам, яны ўсе напагатове. Сам назіраў, як ў раёне Кастрычніцкага пляцу шкуматалі падлеткаў за тое, што ў іх значкі “За свабоду”. Там яны былі героі.

А дзе былі гэныя героі, калі патрэбна было спыніць бойку? Вось там якраз патрэбна была рашучасьць, жорсткасьць. Але ў нашых умовах гэта рытарычнае пытаньне”.

(Карбалевіч: ) “Вось у працяг гэтай думкі. У Беларусі шмат праваахоўных органаў. Колькасьць міліцыянтаў на менскіх вуліцах выклікае нават зьдзіўленьне ў іншаземцаў. Ідэя стабільнасьці й парадку, адсутнасьць нейкіх забурэньняў стала галоўным брэндам афіцыйнай прапаганды. Аднак у крытычных сытуацыях праваахоўныя органы аказваюцца бясьсільнымі.

Можна вынесьці за дужкі скандальныя зьнікненьні вядомых людзей, якія ўлада нібыта ня здольная расьсьледаваць. Але вядома шмат выпадкаў гучных справаў, дзе праваахоўныя органы аказваюцца бясьсільнымі. Напрыклад, справа з забойствам Мікалуцкага, якая скончылася вельмі сумнеўным судовым працэсам. Можна згадаць, як у 2001 годзе на тэрыторыю расейскай амбасады кінулі гранату, вінаватых так і не знайшлі. Зусім нядаўнія выпадкі: забойства журналісткі Чаркасавай, выбух на дыскатэцы ў Віцебску летась — дагэтуль вінаватыя ня знойдзеныя.

Яшчэ адзін прыклад: суд над бандай так званых “пажарнікаў” высьветліў дзіўны факт. Некалькі гадоў у Гомельскай вобласьці бандыты дзейнічалі амаль адкрыта, зьдзейсьнілі шмат жорсткіх злачынстваў, і іх ніхто не чапаў.

А вось з апазыцыяй праваахоўныя органы змагаюцца эфэктыўна. Калі ў Менску адбываецца нейкая акцыя, то міліцыя жорстка кантралюе ўсе цягнікі з правінцыі ў сталіцу, правяраюць ці ёсьць там моладзь зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. А вось у нядаўнім выпадку падчас гэтай бойкі міліцыя аказалася надзвычай пасіўнай. Дык навошта ў краіне праваахоўныя органы?”

(Грыб: ) “Так, Вы маеце рацыю. Супрацоўнікі міліцыі арыентаваныя больш на барацьбу зь іншадумствам, апазыцыяй. Гэта вельмі яскрава паказала выбарчая прэзыдэнцкая кампанія. Апазыцыянэраў ні за што затрымлівалі, штрафавалі, хапалі чалавек трыццаць міліцыянтаў, пяць-шэсьць аўтамабіляў акружалі.

Улады скіроўваюць міліцыю на барацьбу з апазыцыяй, заахвочваюць гэта прасоўваньнем па службе і іншым. Таму яны і стараюцца. Акрамя таго, значна прасьцей весьці барацьбу зь бяззбройнымі апазыцыянэрамі, якія цьвярозыя, не супраціўляюцца. А з крыміналам, злачынцамі весьці барацьбу складана, рызыкоўна, можна атрымаць і кулю, і нож. Але я не хацеў бы тут крытыкаваць міліцыю. Таму што яна робіць тое, што ёй загадвае ўлада”.

(Класкоўскі: ) “Галоўная праблема цяперашняй сытуацыі — што сілавыя структуры служаць найперш мэтам захаваньня існага кіроўнага рэжыму, а не закону й інтарэсам грамадзтва. Яшчэ прыклады дзеля пацьвярджэньня гэтай тэзы. Апошнім часам РНЕ пагражала рэдакцыі газэты “Витебский курьер”, павесіла муляж выбуховага прыстасаваньня на офісе БНФ і іншыя выпадкі. І ні разу міліцыя не знайшла вінаватых. У той жа час памятаем, як перад выбарамі разадзьмулі справу “Партнэрства”, казалі і пра здохлых пацукоў, і пра 74 тэрарыстычныя арганізацыі.

Карацей, сілавыя структуры працуюць на ўмацаваньне падмурку цяперашняга рэжыму. Выйсьце з гэтай сытуацыі палягае ў тым, каб увогуле дэмакратызаваць грамадзкае жыцьцё, зрабіць празрыстай, справаздачнай дзейнасьць гэтых структураў, каб яна падпарадкоўвалася закону, а ня волі кіроўных асобаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, гісторыя з бойкай у электрацягніку Менск—Пухавічы дае падставу для высновы, што беларускія праваахоўныя органы больш скіраваныя на ахову ўлады ад палітычных апанэнтаў, чым на ахову бясьпекі насельніцтва ад крыміналу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG