Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтсайдэрамі ў заробнай плаце застаюцца вяскоўцы


Радыё Свабода У Беларусі большае розьніца ў аплаце працы. Пра гэта сьведчыць агляд “Сацыяльна-эканамічнага становішча Рэспублікі Беларусь за студзень-чэрвень 2006 году”, падрыхтаваны Міністэрствам фінансаў. Так, найвышэйшы сярэдні заробак у краіне маюць працаўнікі нафтаперапрацоўчай галіны — блізу 1мільёну 300 тысяч рублёў. Фінансавымі аўтсайдэрамі традыцыйна застаюцца сяляне і мэдыкі: іхную працу дзяржава ацэньвае крыху больш, чым на 300 тысяч рублёў.

За першае паўгодзьдзе налічаны сярэднямесячны заробак у галінах эканомікі Беларусі склаў 557 тысяч рублёў (у эквіваленце каля 270 даляраў). Лідэрамі ў заробках — нафтаперапрацоўчая і банкаўская сфэры, дзе прыбыткі вагаюцца ад 950 тысяч да 1,5 мільёну рублёў. У тры-пяць разоў саступаюць ім заробкі ў сельгасвытворчасці — няшмат больш за 300 тысяч рублёў. Паміж імі — рабочыя прамысловых прадпрыемстваў з 650 тысячамі рублёў.

Адзін зь лідэраў прафсаюзнага руху Генадзь Быкаў лічыць, што бальшыня людзей насамрэч не зарабляе тых грошай, што атрымлівае ў касах. Паводле Быкава, прыбыткі асноўных валютных донараў (“Беларуськалій”, два нафтаперапрацоўчыя заводы, Беларускі мэталюргічны завод) дзеляцца паміж астатнімі сфэрамі. Ускоснае пацьверджаньнем гэтаму — нядаўнія разьлікі фінансістаў “Беларуськалію”: рэальныя заробкі шахтараў мусяць складаць не 2 мільёны рублёў, як цяпер, а ў тры разы больш.

(Быкаў: ) “Зарабляе рабочы насамрэч 300 тысяч рублёў, а атрымлівае 700 тысяч. І пры гэтым прадпрыемствы паміраюць, засталіся толькі шыльды. А самі гэтыя прадпрыемствы ўжо нічога ня могуць зрабіць, яны зьніклі. І яшчэ адна акалічнасьць: траціна людзей у прамысловай вытворчасьці — пэнсіянэры. Чалавек мае гэтыя 700 тысяч, а яшчэ пэнсіі 250 тысяч. Для Беларусі гэта добрыя грошы”.

Самай занядбанай у сэнсе матэрыяльнага дабрабыту застаецца вёска. Пэнсіянэрка са Смаргоншчыны Зінаіда Іванаўна кажа, што пры заробку 250—300 тысяч рублёў чакаць нейкага аднаўленьня цяжка.

(Пэнсіянэрка: ) “Старэе вёска, старэе. Тут яшчэ добра, што сылікатны завод недалёка, дык людзі хоць збудаваліся яго коштам. Але завод ужо ўсё: месяц адпрацуе (нават ня месяц, а тыдні два), потым стаіць, зноў папрацуе, стаіць. Людзей, адпаведна, мала ўжо на заводзе, мала атрымліваюць. А моладзь уся разьяжджаецца ў гарады”.

Як зазначаюць у Міністэрстве фінансаў, заробная плата на асноўным месцы працы па-ранейшаму ёсьць галоўнай крыніцай прыбытку для бальшыні насельніцтва. Як кажа былы кіраўнік Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч, у такой сытуацыі гіпатэтычнае аб’яднаньне грашовых сыстэмаў у межах так званай саюзнай дзяржавы ўжо непапулярнае — людзі баяцца страціць тое, што маюць.

(Багданкевіч: ) “Беларускі рубель цяпер дастаткова стабільны. Стабільнасьць, канечне, досыць умоўная, але ўсё ж стабільнасьць яго нічым ня горшая, чым у расейскага рублю. А якая ёсьць неабходнасьць пераходзіць на замежную валюту з рызыкай страціць суверэнітэт? Найперш эканамічны. У нас і ўзровень заробкаў, і цэнаўтварэнне іншае, і канкурэнцыі ў нас такой няма пры дзяржаўнай падтрымцы ў галіне коштаў і вытворчасьці, чаго няма ў Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG