Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі прапануе ўзмацніць барацьбу з тэрарызмам


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Міністэрстве юстыцыі Беларусі падрыхтаваны праект закону дзеля ўзмацненьня барацьбы з тэрарызмам. Прапануецца ўнесьці дапаўненьні й зьмены ў Крымінальны кодэкс і некаторыя іншыя законы. Праваабаронцы кажуць, што пад выглядам барацьбы з тэрарызмам рыхтуецца чарговы наступ на грамадзянскія правы.

Крымінальны кодэкс чакае дапаўненьне аб крымінальнай адказнасьці за “стварэньне арганізацыі, дзейнасьць якой накіраваная на правядзеньне тэрактаў, альбо якая прызнае выкарыстаньне тэрарызму”. Таксама прапануецца караць тых, хто кіруе такімі арганізацыямі альбо іх часткамі. Тэрмін адказнасьці за такія злачынствы часам ня мусіць быць абмежаваны, лічаць у Міністэрстве юстыцыі.

Зьмены прапануецца ўнесьці і ў закон “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”. У прыватнасьці, дадаць да закону палажэньне пра забарону інфармацыі, якая “служыць прапагандзе ці апраўданьню тэрарызму”.

Чым выкліканыя такія зьмены ў законы, спытаўся я ў прэсавай сакратаркі Мін’юсту Тацяны Бондар.

(Бондар: ) “Чым выкліканыя? Жыцьцё ідзе, мяняецца. Вы ж праграму навінаў глядзіце? Неабходнасьцю выкліканыя”.

Вядомы ў Беларусі праваабаронца, намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла мяркуе, што пад выглядам узмацненьня барацьбы з тэрарызмам улады Беларусі рыхтуюць чарговы наступ на грамадзянскія правы.

(Паганяйла: ) “Пашыраецца набор прыладаў уладных структураў, каб запалохаць актыўных людзей. Цяпер праз барацьбу з тэрарызмам. Згадаем, як КДБ Беларусі падчас прэзыдэнцкіх выбараў заяўляла, што масавы выхад незадаволеных людзей будзе прыроўнены да акту тэрарызму”.
XS
SM
MD
LG