Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюджэт эратычнай камэдыі пра Лукашэнку – 100 000 $


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ 14 верасьня.

Сьвежы нумар тыднёвіка “Ранак плюс” цалкам прысьвечаны сьвяткаваньню 45-годзьдзя Сьветлагорску. На дзень нараджэньня самага маладога гораду Беларусі запрошаныя амаль усе зоркі беларускай эстрады і нават знакаміты “Боні М”. Патрыяршы экзарх Беларусі Філярэт прыедзе асьвячаць Сьвята-Прэабражэнскі сабор. А самы шчодры падарунак роднаму гораду зрабіў мастак Браніслаў Башынскі: перадаў краязнаўчаму музэю ўсе 86 тамоў слоўніка Бракгаўза і Эфрона 1905 года выданьня і яшчэ сотню рарытэтных кніг.

“Вечерний Бобруйск”: "Дажынкі", магчыма, перанясуць". Паводле мэра Бабруйску Міхаіла Бандарэнкі, гатоўнасьць гораду не выклікае сумневу. Бабруйчане, якія па-ранейшаму, так бы мовіць, жывуць быццам бы на будаўнічай пляцоўцы, прытрымліваюцца іншай думкі. Паводле афіцыйнай вэрсіі, дажынкі – гэта сьвята ўраджаю, калі ўбраны апошні сноп. Але на палетках краіны застаецца яшчэ 20% збожжа і зернебабовых культур, таму сьвята, хутчэй за ўсё, прыйдзецца перанесьці на тыдзень-другі.

“Мясцовы час”. У Пінску ў трэці раз сарваўся канцэрт артыстаў расейскай эстрады, цяпер “Фабрыкі зорак". Арганізатар – Упраўленьне культуры Пінскага гарвыканкаму. Яшчэ раней на мясцовым стадыёне ў гэты дзень быў заплянаваны матч чэмпіянату Беларусі па футболе. А ў той жа час, як распавёў журналіст Віктар Ярашук…

(Ярашук: ) "Цудоўна прайшоў байк-зьлёт, які быў арганізаваны аматарамі матацыклаў. Два дні запар ішлі канцэрты. "Нэйрадзюбэль" адыграў 22 песьні, група "лялькі" прыехала ўначы адразу пасьля выступу на сьвяце гораду Менску. Вось і атрымліваецца, што аматары могуць арганізаваць на высокім узроўні канцэрты, а ўлады ня могуць".

Бюджэт эратычнай камэдыі “Бацькава шчасьце” складае 100 тысяч даляраў. Фільм, паводле прызнаньня расейскага рэжысэра Аляксандра Валава, ніхто не замаўляў, сродкі знайшліся ў самой кампаніі, якая зарабіла на папярэднім фільме “Юлія” 870 тысяч даляраў. Інтэрнет-газэта “Салідарнасьць” зьмяшчае эксклюзыўнае інтэрвію Александра Валова “Мы здымаем тых, хто дасягнуў поп-Алімпу”.
XS
SM
MD
LG