Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя вязьні пабачаць жыцьцё без прыўкрас


Радыё Свабода Былыя вязьні канцлягераў будуць бачыць лепш. Пра гэта парупіўся Фонд “Ўзаемаразуменьне й прымірэньне”, які рэалізуе чарговы гуманітарны праект. Фінансуецца праект урадам Нямеччыны.

Штодня каля дзясятка былых вязьняў канцлягераў і рабочых, якія прымусова працавалі на фашысцкі рэйх, зьвяртаецца ў фонд “Узаемаразуменьне й прымірэньне” за акулярамі. Гаворыць намесьнік старшыні фонду Канстанцін Прахарэнка:

(Прахарэнка: ) “Сёньня наша катэгорыя – былыя ахвяры нацыянал-сацыялізму – усе людзі сталага веку. За 70 гадоў і старэйшыя. Толькі можа пяць працэнтаў людзей маюць добры зрок. Астатнім патрэбны акуляры. Мы доўга працавалі над гэтым праектам”.

81-гадовая жыхарка Менску Надзея Капланава, якая два з паловай гады працавала ў Нямеччыне, задаволеная ініцыятывай фонду:

(Капланава: ) “Пачула, што выпісваюць там акуляры, дык і я пайшла выпісала. Вельмі добра газэту чытаць. А ў другіх акулярах добра хадзіць па вуліцы. Такія лёгенькія…”

Былым вязьням, паводле праекту, прадугледжана выдача двух пар акуляраў – ад блізарукасьці й дальназоркасьці. Дапамагае фонд ня толькі менчукам. Расказвае Якаў Юхнюк з Баранавічаў:

(Юхнюк: ) “Я быў у фондзе. Там ёсьць лекар. Ну і выпісалі мне акуляры для чытаньня і паўсядзённай носкі. Я купляў у оптыцы – вельмі дорага. А тут бясплатна двое пар акуляраў! Немцы вельмі добра ставяцца да вязьняў. Яны кажуць так: мы аднялі ў вас дзяцінства, але ўзамен павінны аказаць нейкую дапамогу”.

А вось як ставіцца да гэтага праекту вядомы пісьменьнік Валянцін Тарас, які хлапчуком ваяваў некалі ў партызанскім атрадзе:

(Тарас: ) “Вэтэранам вайны дзяржава ідзе насустрач: бясплатнае пратэзіраваньне, лекі, слухавыя апараты. Калі катэгорыя малалетніх вязьняў не падпадае пад гэтую дабрачыннасьць дзяржавы, то, здавалася б, нічога страшнага, калі ім дапамогуць немцы. Але, з другога боку (я вельмі б хацеў памыліцца) ад гэтага крышку патыхае прафанацыяй – прысмак нейкай прафанацыі ў гэтым...”

Паводле зьвестак фонду, Нямеччына выдзеліла на рэалізацыю праекту 300 тысяч эўра. На сёньня акуляры атрымалі звыш трох тысяч ахвяраў нацыянал-сацыялізму. Яшчэ больш за тысячу чалавек, паведаміў супрацоўнік фонду “Узаемаразуменьне й прымірэньне” Аляксандр Рутчанка, стаіць у чарзе:

(Рутчанка: ) “Інтарэс мае месца і будзе ў далейшым. Таму што бясплатная дапамога вельмі нават своечасовая. Людзі не настолькі забясьпечаныя, каб кідацца грашыма. Яны пра гэта заяўляюць самі”.

Меркаваньне былога вязьня зь Піншчыны:

(Удавідчык: ) “Немцы лепш жывуць за нас і нават нам дапамагаюць – даюць нават тыя вось акуляры. Я, Удавідчык Каленік Лукашавіч, былы вязень фашысцкіх канцлягераў, заяўляю: гэта ганьба нашай дзяржаве, ураду і прэзыдэнту”.

Папярэдняя дзейнасьць фонду “Ўзаемаразуменьне й прымірэньне” была зьвязаная з выплатай беларускім ахвярам нацыянал-сацыялізму грашовых кампэнсацыяў. Як паведаміў Радыё Свабода намесьнік старшыні Канстанцін Прахарэнка, усяго ад 1993 году нямецкая дапамога склала звыш 450 мільёнаў эўра. На сёньняшні дзень у жывых застаецца каля 90 тысяч былых вязьняў.
XS
SM
MD
LG