Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Лабанок (13.9.1944, Менск — 19.9.2005, Віцебск. Пахаваны ў Мар’інай Горцы.)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Не магу пахваліцца шырокімі знаёмствамі ў акторскім асяродзьдзі. Напэўна, таму, што баюся расчараваньня: а раптам па-за магічнымі межамі сцэны чалавек, якім захапляўся, зноў выявіцца нецікавым і пуставата-абыякавым да таго, чым ты жывеш?

Алесь Лабанок ня быў ні маім блізкім знаёмым, ні, пагатоў, сябрам, але кожная зь нячастых сустрэчаў зь ім не расчароўвала, а рабілася падзеяй.

У глухія 70-я гады нас зьвёў паэт і актор Коласаўскага тэатру Пятро Ламан. Я прызнаўся, што ўжо тройчы прыяжджаў на “Званы Віцебску” паводле Караткевіча, дзе Лабанок выконваў ролю завадатара віцебскага паўстаньня 1623 году Сьцяпана Пасіёры. Памятаецца, пасьля шкляначкі “чырвонага” я па-дылетанцку загаварыў пра гістарычную дакладнасьць і яго бліскучую схільнасьць да імправізацыі. Алесь тактоўна, але рашуча абарваў: “Давай я лепей пачытаю Купалу”.

Вершы гучалі зусім незнаёма:

Адзін, адзін раз толькі ў год Зьбірацца можна з ласкі рока, Каб год іржавы карагод Зганяць зь мінуўшчыны далёкай...

Ягоны голас пакрысе набіраў сілу і браў у палон і майстэрствам дэклямацыі, і сэнсам Купалавых радкоў:

За мною ўсьцяж, і тут і там, Іх вусны бледныя шапталі: “Аддайце песьню нашу нам! Нашто схавалі-расхапалі?” .......................... Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны, Раз хочуць сонца, славы, песьні; Заб’юць ім зычныя званы Прабудным звонам напрадвесьні.

Сваёй забранай старане, Скаванай мучальніцы-княжне, Ўзьнясуць пасад на кургане На панаваньне недасяжне...

Гэта была паэма “На куцьцю”, якая апошні раз друкавалася ў сярэдзіне 1930-х, а потым трапіла пад забарону, як і другая паэма — “На Дзяды”, якую я таксама пачуў у той вечар.

Мянчук Лабанок пасьля тэатральна-мастацкага інстытуту прыехаў ў Віцебск і ўсё наступнае жыцьцё — амаль сорак гадоў — працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа. Ён выканаў дзясяткі роляў: Валодзькі ў “Трыбунале” А.Макаёнка, Хорста ў “Гісторыі граху” паводле С.Жаромскага, Сьвятара ў Брэхтавай “Матухне Кураж”, Старога ў “Крэслах” А.Камю...

Тэатар замяніў яму сям’ю, якой Алесь так і не стварыў.

Ён быў нячастым прыкладам беларускага актора, які і на сцэне, і ў жыцьці гаварыў на адной мове.

Ён заўсёды быў зацятым і непахісным незалежнікам.

Год таму ён сышоў, але на Дзяды й на Куцьцю будзе зноў і зноў вяртацца да нас.
XS
SM
MD
LG